Вопросы охраны окружающей среды и подготовки животноводства к зиме были рассмотрены на заседании Шумилинского райисполкома

Власть Новости

Экалогія і падрыхтоўка жывёлагадоўлі да зімы

Пытанні аховы навакольнага асяроддзя і падрыхтоўкі ферм да зімы былі разгледжаны 23 жніўня на пасяджэнні райвыканкама, якое правёў кіраўнік раёна Сяргей Галынчык.

Даклад аб захаванні патрабаванняў заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя суб’ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі ў Шумілінскім раёне прадставіў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч. Ахова навакольнага асяроддзя – комплекс самых разнастайных мерапрыемстваў, якія ўключаюць ахову прыродных аб’ектаў, рацыянальнае выкарыстанне прыродных і другасных рэсурсаў, шмат іншага. У дакладзе быў дадзены падрабязны аналіз па кожным напрамку.

Галоўны эколаг раёна расказаў пра тэрыторыі, якія ахоўваюцца, дзе і як вядзецца здабыча карысных выкапняў, на якім ўзроўні знаходзіцца стан аховы вадаёмаў і паветра, як наладжана работа з адходамі і як вядзецца барацьба з інвазіўнымі раслінамі (баршчэўнікам і залатарнікам).

Адзначыўшы, што ў раёне вядзецца пэўная работа ў галіне аховы прыроды, Генадзь Кісялевіч вызначыў праблемныя пытанні. У іх ліку была названа неабходнасць вывядзення ў адпаведнасці з заканадаўствам з карыстання артэзіянскіх свідравін (61). Работа не вядзецца ці вядзецца марудна з-за адсутнасці фінансавых сродкаў у сельгасараганізацый, якім належаць гэтыя свідравіны. У асобных гаспадарках ёсць пытанні з выдаленнем гною ад ферм на абсталяваныя пляцоўкі. Факты нерацыянальнага выкарыстання вады выяўлены ў “Прыазёрным міры”, “АграБаравінцы”, “Лаўжанскім”, “Райаграсэрвісе”. Дакладчык прывёў разлік, які паказаў, што кошт абсталявання свідравін аўтаматычнымі прыладамі для адключэння вады ў разы меншы, чым плата за перарасход вады. Дарэчы, па гэтых фактах прыцягнуты да адказнасці ў 2023 годзе (15 фактаў) 10 юрыдычных асоб, у 2024 (14 фактаў) – 3 юрыдычныя і 2 службовыя асобы.

Падрабязны аналіз быў зроблены па рабоце з адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР). УП ЖКГ здабывае з адходаў каля 24% ДМР, пры сярэднеабласным паказчыку  каля 39%. Рэзервы для работы відавочныя. Пры гэтым Генадзь Кісялевіч засяродзіў увагу на тым, што маюцца факты, калі нядобрасумленныя грамадзяне выкідваюць смецце ў лясах, кустах, пры-дарожных палосах. Цяжка ўстанавіць вінаватых у гэтым, а ліквідаваць парушэнні прыходзіцца адпаведным службам, тым не менш 2 грамадзяніны сёлета аштрафаваныя за сметнікі.

Пры абмеркаванні пытання старшыню райвыканкама Сяргея Галынчыка цікавіла работа з другаснымі рэсурсамі, ён запатрабаваў ад дырэктара УП ЖКГ Аляксея Шпакава ўзмацніць работу ў гэтым напрамку.

Кіраўнік арганізацыі расказаў, што яны купляюць кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў і перадаюць у карыстанне насельніцтву.

Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай

гаспадарцы і харчаванні Уладзімір Пушноў расказаў пра падрыхтоўку ферм да стойлавага ўтрымання жывёлы. Агульны тон выступлення быў крытычны, бо, па словах дакладчыка, тэмпы падрыхтоўкі памяшканняў да пастаноўкі жывёлы нездавальняючыя, тэрміны сарваныя ўсімі сельгасарганізацыямі. Начальнік райсельгасхарчу прааналізаваў работу па ўзнаўленні статку буйной рагатай жывёлы, скарачэнні падзяжу і вымушанага забою. З пачатку года ў пракуратуру накіравана 11 матэрыялаў за парушэнні ў захаванні жывёлы, 12 службовых асоб прыцягнуты да адказнасці.

Быў прадстаўлены аналіз забеспячэння кармамі, а таксама работы па корманарыхтоўцы. Найбольш складаная сітуацыя з кармамі складваецца ў СУП “Лаўжанскае” і КУСГП “Сіроцінскі”.

Неабходна актывізаваць работу па рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў па падрыхтоўцы жывёлагадоўлі да зімова-стойлавага ўтрымання, рэзюмаваў дакладчык.

Былі заслуханы справаздачы ўсіх кіраўнікоў сельгасарганізацый раёна. Старшыня райвыканкама жорсткай крытыцы падверг кіраўніцтва “Лаўжанскага” і “Сіроцінскага”.

Праекты рашэнняў па пытаннях было прапанавана канкрэтызаваць па мерапрыемствах і тэрмінах з улікам абмеркавання.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *