Яблычны Спас пачастунак прыпас
У жніўні святкуюцца тры Спасы – Мядовы, Яблычны і Арэхавы (Хлебны). Усе яны ў хрысціянскім календары былі і застаюцца аднымі з любімых народных святаў. У народзе кажуць: “Спас – усяму час”, гэта значыць, на агародзе, у полі, у лесе выспеў ураджай.
Пра гэтыя і іншыя народныя прыкметы нагадалі на свяце ў аграгарадку Светласельскі, прысвечаным Яблычнаму Спасу, удзельнікі народнага калектыву літаратурна-музычнай студыі «Крыніца» раённай бібліятэкі. Яны арганізавалі свята ў форме работы бібліятэкі, куды чытачы прыходзілі за кнігамі, назвы якіх так ці інакш звязаны з яблыкамі. Ну, а заадно прарэкламавалі творы Івана Буніна, Чынгіза Айтматава, Ганны Берсеневай і іншых пісьменнікаў.
Удзельнікі студыі «Крыніца» правялі на свяце гульні для дарослых і дзяцей, падрыхтавалі загадкі, прыказкі і прымаўкі. Разам згадвалі казкі, дзе ёсць маладзільныя і наліўныя, каштоўныя, чароўныя і залатыя яблыкі.
На свята запрасілі іерэя Вадзіма Яско, які прачыаў малітву, асвяціў яблыкі, пірагі з імі і булачкі, што выпякаліся спецыяльна да свята. Нашы продкі верылі, што на Спас яблыкі становяцца чароўнымі і здольны выканаць любое жаданне.
Ці спраўдзяцца яны – пра гэта раскажуць госці і ўдзельнікі свята, якія часта-валіся фруктамі і выпечкай. Яблыкі былі крамяныя, салодкія, сакавітыя. Адным словам, вельмі смачныя. Як, дарэчы, і пірагі з яблыкамі, якія пастараліся прыгатаваць да свята мясцовыя жыхары.
Свята было аздоблена вясёлымі песнямі артыстаў раённага цэнтра культуры. Пад кожную песню госці мерапрыемства (асабліва дзеці) з задавальненнем танцавалі. А пасля некаторыя з іх папрасілі ў вядучых мікрафон, каб праспяваць свае любімыя куплеты.
Ларыса ЗАЙЦАВА.