Волонтёрский лагерь: отдыхали, путешествовали и добрые дела делали

Молодёжь Новости Образование Общество

Валанцёры з добрымі сэрцамі

У нядзелю ў Лескавічах закончыў работу раённы валанцёрскі аздараўленчы лагер «Добрае сэрца», які быў арганізаваны Шумілінскім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі і сабраў дваццаць пяць дзяўчат і хлопцаў ад 10 да 17 год не толькі адпачыць, але і зрабіць шмат добрых і карысных спраў.

Дзевяць дзен лагернай змены былі насычаныя самымі разнастайнымі мерапрыемствамі. Гэта былі працоўныя дэсанты «Дарогамі дабрыні», спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, практычныя заняткі, падарожжы і адукацыйныя экскурсіі ў Мінск, Віцебск, Полацк, Шуміліна, Обаль, душэўныя вечары каля кастра з цікавымі людзьмі.

Падчас лагернай змены прайшлі дыялогавыя пляцоўкі ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху» – сустрэчы дзяцей з прадстаўнікамі розных прафесій: намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх, першым сакратаром РК ГА БРСМ, старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў, галоўным рэдактарам газеты «Герой працы».

Гэтыя дзевяць дзён абавязкова запомняцца дзяўчатам і хлопцам.

Слова – адпачываючым

Алена Кузаўкова: Лагер мне вельмі спадабаўся. Шкада, што толькі 9 дзен ён доўжыўся. Мы з задавальненнем займаліся добраўпарадкаваннем і ўборкай воінскіх пахаванняў. Прыбралі воінскія могілкі ў Мікалаеве, Лескавічах, Заронаве.

Аліна Пучкова: У лагеры я знайшла сабе новых цудоўных сяброў, з якімі буду працягваць кантактаваць.

Ангеліна Гаева: Цяжка вызначыць самыя цікавыя мерапрыемствы. Для мяне асабіста самымі-самымі сталі квэст-гульня і экскурсія ў гадавальнік для сабак.

Валерыя Мясаедава: Нашы важатыя былі самымі добрымі і класнымі. Нам з імі было цікава. Яны нам сумаваць не давалі.

Кацярына Шаферава: А як нас кармілі! Мне асабліва даспадобы былі курынае філе пад сырам, суп гарохавы, пюрэ. Адным словам, як дома і нават лепш!

Слова – начальніку лагера Маргарыце Сілкінай: Вельмі хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто супрацоўнічаў з намі: райвыканкаму, раённай камісіі па справах непаўналетніх, раённым арганізацыям РГА «Таварыства ратавання на водах», «Беларускі саюз ваенных маракоў», «Беларускі фонд міру», «Беларускі Чырвоны Крыж», БРСМ, «Пагранічнікам Шуміліна», Дэсантнаму Шумілінскаму Братэрству», раённаму аб’яднанню прафсаюзаў, рэдакцыі газеты «Герой працы», Шумілінскаму лясгасу, райаддзелу па надзвычайных сітуацыях, РАУС.

Мы вельмі стараліся, каб валанцёрскі лагер стаў для хлопцаў і дзяўчат магчымасцю для творчага развіцця, узбагачэння духоўнага свету, інтэлекту. Каб дзеці атрымлівалі радасць ад узаемін, вучыліся сябраваць і дапамагаць. Адным словам, каб былі з добрымі сэрцамі. Мы пастараліся насыціць адпачынак мерапрыемствамі, накіраванымі ў першую чаргу на патрыятычнае і працоўнае выхаванне дзяцей.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *