Доска почёта Шумилинского района. Механизатор Василий Аглушевич

2024 - Год качества Общество Сельское хозяйство

Яго работа –  з тэхнікай на зямлі

Сярод работнікаў сельскай гаспадаркі  шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія ўмеюць працаваць з энтузіязмам і не баяцца цяжкасцей. Адзін з іх – механізатар КУСГП «Ульскі»   механізатар КУСГП «Ульскі»  Васіль АГЛУШЭВІЧ, якога можна  назваць майстрам сваёй справы.

Калі кандыдатуру Васіля сёлета прапанавалі на раённую Дошку гонару, то калегі адзінагалосна падтрымалі такую ініцыятыву. Васіля ведаюць не толькі ў гаспадарцы, але і за яе межамі – неаднойчы ж быў пераможцам прафсаюзных спаборніцтваў на падрыхтоўцы глебы да сяўбы, на нарыхтоўцы кармоў. Механізатар адказны, вопытны, з ахвотай бярэцца за любую работу на палетках і заўсёды выконвае яе на сумленне. Любіць родную зямлю, сваю механізатарскую справу.

А як жа інакш? Па-іншаму проста немагчыма,  кажуць калегі Васіля Аглушэвіча.  Калі з дзяцінства палюбіў свой родны куток – гэта назаўсёды. А Васіль наш, мясцовы. Вывучыўся ў Ульскім ліцэі на механізатара, вадзіцеля, слесара-механіка і электрыка і прыйшоў у гаспадарку. Адсюль яго праводзілі ў армію, тут сустракалі з тэрміновай ваеннай службы. Так што ўся біяграфія звязана з роднай кардонскай зямлёй, на якой працуе больш за дваццаць гадоў.

У пачатку сваёй працоўнай дзейнасці Васіль Аглушэвіч рупіўся на МТЗ-80, по-тым – на новенькім МТЗ-82, а зараз за ім замацаваны МТЗ-1221. Механізатар адзначае, што тэхніка беларускай вытворчасці з кожным годам удасканальваецца. І зараз яна стала больш магутнай, з лёгкасцю цягне шыроказахопныя плугі, культыватар, касу і іншыя прычапныя ўстройствы. Амаль дзесяць гадоў Васіль задзейнічаны на сяўбе зерневых і зернебабовых. А на камбайне працуе з 2010 года. Сёлета ў яго пятнаццатая па ліку ўборачная. Зерневыя, якія вясной сам засяваў, і ўбірае зараз.

У канцы ліпеня мы сустрэліся з механізатарам на палетках азімага ячменю ля Убоіна. «Колас добры, наліўны, хіліцца долу, – даў сваю ацэнку ўраджаю камбайнер. – Такі малаціць у ахвоту. Сёння на маім рахунку будзе не менш як пятнаццаць гектараў убраных збожжавых палеткаў». Размаўляць асабліва няма часу – прыпар. Васіль Аглушэвіч садзіцца за штурвал КЗСа, і камбайн паволі плыве па залацістаму мору збажыны.

І хоць камбайнер кажа, што для яго ўсе работы на зямлі аднолькавыя, але ж на жніве адчуваецца асаблівая атмасфера, бо поле пахне хлебам. Васіль Аглушэвіч, – дысцыплінаваны, працавіты, шчыры і сціплы. Ён добры сябар, клапатлівы сем’янін, любячы муж і бацька. Разам з жонкай выхоўвае чацвярых дзяцей. Мнагадзетнай сям’і сельгаспрадпрыемства выдзеліла ў Кардоне дом сядзібнага тыпу.

Любоў да роднай зямлі Васіль Аглушэвіч перадае і сваім дзецям – у гэтым годзе сын Уладзіслаў паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Магчыма, вернецца на радзіму і будзе працаваць разам з бацькам у адным сельгаспрадпрыемстве.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *