Дваццаць год у будоўлі
На выбар прафесіі Рамана КАРАСЁВА ў пэўнай меры паўплываў бацька, які працаваў прарабам-будаўніком у Шумілінскім райспажыўтаварыстве. У сям’і лічылі, што быць будаўніком пачэсна, ганарова і прэстыжна.
Пасля школы Раман пайшоў вучыцца на інжынера ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары.
Раман Карасёў – намеснік дырэктара-галоўны інжынер ПМК-70. Прафесіянал сваёй справы, актыўны, старанны, адказны. Сёлета ў якасці прызнання яго прафесіяналізму і вынікаў у рабоце за мінулы год яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
Свой шлях у будаўніцтве Раман Васільевіч пачаў у 2004 годзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшоў працаваць у ПМК-70 майстрам. Праз паўгода апынуўся на тэрміновай ва-ннай службе, пасля яе зноў вярнуўся ў ПМК.
Кіраўніцтва заўважыла старанне Рамана Карасёва, які разбіраўся не толькі ў будаўнічай механіцы, а ўмеў правільна арганізаваць, спланаваць і размеркаваць. Таму калі ў 2014 годзе вызвалілася пасада галоўнага інжынера, яе прапанавалі Раману Васільевічу. Ён не чакаў, што работа будзе лёгкай. Калі майстар адказвае за адзін-два аб’екты, то інжынер – за ўсе. Раман Карасёў – правая рука кіраўніка.
Раман Васільевіч бывае за дзень на некалькіх аб’ектах шумілінскіх будаўнікоў. Размешчаны яны зараз не толькі ў райцэнтры, але і ў Бешанковічах, Ушачах, Лепелі, Полацкім раёне. Адказвае за праекты, графікі, падбор матэрыялаў і рабочых рук, ажыццяўляе кантроль за якасцю выкананых работ, здачу, прыём і ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў. У непасрэдным падпарадкаванні – прарабы і майстры прадпрыемства.
Дырэктар ПМК-70 Аляксей Крыўко лічыць Рамана Карасёва надзейным намеснікам, граматным і талковым работнікам, ён валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі і ўмее працаваць у камандзе. А гэта вельмі важна на вялікім будаўнічым прадпрыемстве.
Ларыса ЗАЙЦАВА.