Дапамагаць – прыемна!
Кіраўнікі, калектывы арганізацый і прадпрыемстваў раёна ўключылася ў рэспубліканскую дабрачынную акцыю «Збяром дзяцей у школу!». Мэта кампаніі – аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года дзецям з малазабяспечаных, няпоўных сямей, дзецям з сямей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Першымі на акцыю адгукнуліся калектыў Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Шумілінскага раёна на чале з кіраўніком Ларысай Маладзечкінай, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч, галоўны рэдактар газеты «Герой працы» Алена Карпушэнка.
Учора гасцей з падарункамі сустракалі трэцякласніца Аня і першакласнік Сяргей Локцевы з аграгарадка Крывое Сяло, другакласнік Сяргей і чацвёртакласніца Ангеліна Малыгіны з Мікалаева. Дзеці атрымалі канцылярскія прылады, рукзакі, спартыўнае адзенне, прысмакі і пазітыўныя эмоцыі да новага навучальнага года.
Будучы першакласнік Глеб Алексін атрымаў на гэтым тыдні рукзак з канцылярскімі вырабамі. Такі падарунак у рамках дабрачыннай акцыі «У школу – разам!» зрабіла хлопчыку абласное аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд».
Хлопчык вельмі ўзрадаваўся рукзаку і заявіў: «Хачу ў школу!». Адразу расклаў усе канцылярскія вырабы, стаў разглядаць фарбы, алоўкі, сшыткі. «Мне падабаецца сіні пенал – змесціцца ўсё, што я хачу туды пакласці».
Уручыць падарунак у дзіцячы дом сямейнага тыпу прыехалі намеснік начальніка аддзела па адукацыі рай-выканкама Ірына Саўчанка, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Юлія Уласевіч і галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ірына Верам’ева.
Ларыса ЗАЙЦАВА.