Сямейнае жніво Вясны
У многіх сельгаспрадпрыемствах раёна працуюць сем’ямі. Прадаўжальнікамі прафесіі бацькоў становяцца сыны. Прычым, апошнія пачынаюць асвойваць прафесію яшчэ са школы. Так і ў сям’і Вясны з аграгарадка Башні.
Гаспадар сям’і Віктар Вітальевіч Вясна працуе ў ААТ «АграБаравінка» механізатарам каля дваццаці гадоў. Рупіцца на розных работах: дастаўляе каровам ваду на поле, адвозіць збожжа ад камбайнаў.
Зараз на зернесушыльным комплексе працуе яго сын Глеб. Ён сёлета закончыў дзевяць класаў, паступіў у Гарадоцкі каледж на тэхніка-механіка. Летам вырашыў папрацаваць, каб зарабіць уласныя грошы. «У мясцовай гаспадарцы працую другое лета, – расказаў Глеб. – Падмятаю зерне, прыбіраю тэрыторыю. Разам з дарослымі насыпаю ў мяшкі муку, якую потым адвозяць на фермы для жывёлы». Дырэктар гаспадаркі Яўген Мурашка і загадчыца склада Надзея Сямёнава хваляць Глеба за руплівасць – ён працуе нараўне з дарослымі, у той час як многія яго равеснікі сядзяць у гаджатах. З такога атрымаецца гаспадар на зямлі!
Дарэчы, старэйшы сын Віктара Вясны – Віталь – таксама да арміі працаваў механізатарам у гаспадарцы. Цяпер служыць. Бацька спадзяецца, што вернецца пасля службы ў родную гаспадарку. Выхаванне павінна даць вынік.
Ларыса ЗАЙЦАВА.