Кардон – пасяленне на шляху “з варагаў у грэкі”. Працягваецца даследаванне археалагічнага комплексу Кардон у Шумілінскім раёне
Раскопкі на гарадзішчы і селішчах каля вёскі Кардон праводзіліся ў 2015-2017 гадах. У выніку было адкрыта буйное гандлёва-рамеснае паселішча, якое істотна дапоўніла веды па гісторыі беларускіх зямель у Сярэдневякоўі. Знаходкі, зробленыя падчас раскопак, дазволілі занесці гэтыя даследаванні ў ТОП-10 навуковых адкрыццяў 2016 года. Сёлета старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Марат Клімаў прадоўжыў даследаванні археалагічнага помніка ў Шумілінскім раёне.
Карэспандэнт раённай газеты разам з дырэктарам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святланай Івановай накіраваўся на месца раскопак на ўскрайку аграгарадка Кардон.
– Наша мэта – знайсці жылыя пабудовы, там, дзе людзі жылі. А гэта значыць – знайсці сляды бытавой дзейнасці людзей, печы, бо ў нашых кліматычных умовах без гэтай прылады жыць немагчыма, – расказаў кіраўнік экспедыцыі. – Падчас ранейшых раскопак жылыя пабудовы не знайшлі. У гэтым раскопе мы знайшлі рэшткі дзвюх печак, гаспадарчую яму.
Навуковец расказаў, што Кардонскі комплекс складаўся з двух селішчаў і гарадзішча. Такія пасяленні называюць адкрытымі гандлёва-рамеснымі паселішчамі. Яны былі ваенізаваныя. Тут ішоў шлях з “варагаў у грэкі”. Каля гарадзішча, у вусці ручая, які ўпадае ў Заходнюю Дзвіну, была бухта, у якой прычальвалі караблі і лод-кі, што рухаліся па Дзвіне. У “Ілаўскім” селішчы жыхары займаліся пераважна сельскай гаспадаркай, хутчэй за ўсё забяспечвалі пасяленне прадуктамі харчавання, а ў “кардонскім”, дзе сёлета вяліся раскопкі, людзі займаліся рамяством.
“Пра гэта сведчаць і знаходкі – кераміка, прасліцы, тыгель для плаўлення каляровых металаў. Таксама знойдзены каменныя і шкляныя пацеркі, часткі конскай вупражы, – расказаў Марат Клімаў. – Папярэднія экспедыцыі павінны былі пацвердзіць характар пасялення, а наша экспедыцыя – пацвердзіць стадыі развіцця пасялення, устанавіць храналогію пасялення. Мы гэта знаходзім. Тут ёсць матэрыял культуры смаленскіх і полацкіх доўгіх курганоў – гэта раннія крывічы, якія тут жылі ў IХ-Х, магчыма, яшчэ ў VIII стагоддзі”.
Дарэчы, сёлета ў бухце працавалі дайверы, спрабавалі знайсці лодкі ці караблі, іншыя артэфакты, але не знайшлі, бо занадта моцны слой ілу на дне.
Гісторык паведаміў, што канец Х-сярэдзіна ХI стагоддзя – гэта самая развітая стадыя, росквіт пасялення, калі яно па сваіх багаццях і значнасці магло саперні-чаць з такімі гарадамі, як Полацк. Па Дзвіне скуплівалі футра і адпраўлялі далей – на Поўдзень, на Усход. З сярэдзіны ХI стагоддзя Полацк набірае моц, і такія пасяленні прыходзяць у заняпад. Бо іх бярэ пад кантроль Полацк: знішчае канкурэнтаў ці абкладае данінай. На гэтым паселішчы таксама ёсць сляды пажараў, прычым пажараў не адзінкавых.
Марат Клімаў расказаў, што ў археалагічных раскопках яму дапамагаюць валанцёры, якія цікавяцца археалогіяй, гісторыяй Беларусі і ў свой вольны час (выхадныя, водпуск, канікулы) дапамагаюць археола-гам падчас палявых даследаванняў. Многія бяруць удзел у раскопках ужо не першы год.
Пасля заканчэння раскопак усе знаходкі будуць апісвацца, вывучацца, будуць праводзіцца розныя аналітычныя даследаванні, рабіцца кансервацыя. Пасля даследаванняў частка знаходак папоўніць і фонды Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.