Хутчэй. Вышэй. Мацней
У пятніцу на беразе Шумілінскага возера па ініцыятыве інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС для вучняў шумілінскіх СШ № 1, СШ № 2 і Слабадской БШ прайшло прафілактычнае мерапрыемства “Хутчэй. Вышэй. Мацней”.
Мерапрыемства пачалося з узнагароджання выпускніка Слабадской базавай школы Максіма Бурунова і навучэнца Віцебскага тэхнічнага каледжа Уладзіслава Лімбака. Яны месяц таму выратавалі жанчыну, якая танула. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства ратавання на вадзе Аляксандр Шарафутдзінаў падкрэсліў, што прыемна ведаць, што ёсць такія нераўнадушныя маладыя людзі, якія адгукнуліся на крык аб дапамозе і выратавалі жыццё чалавека. “Трэба браць прыклад з такіх людзей”, – сказаў Аляксандр Сафаравіч і ўручыў Максіму і Уладзіславу падзякі Таварыства ратавання на вадзе. Да віншаванняў далучылася старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Дар’я Трафімава і ад імя РАУС уручыла падарункі – наборы для гульні ў дартс.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Людміла Грузневіч нагадала дзецям пра неабходнасць выконваць правілы паводзін у грамадскіх месцах, не дапускаць правапарушэнняў, займацца карыснымі справамі.
Старшы інспектар ДАІ Віктар Бурлакоў прапанаваў падлеткам пазнаёміцца з аўтамабілем ДАІ і спецадзеннем супрацоўнікаў міліцыі.
Была праведзена экскурсія на ратавальны пост, ратавальнікі Таварыства ратавання на вадзе паказалі прыёмы ратавання людзей, далі магчымасць паспрабаваць свае сілы ў кіданні ратавальнага круга. Работнікі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра правялі для дзяцей спартыўна-гульнявую эстафету, у якой каманды ўзначалілі Максім Буруноў і Уладзіслаў Лімбак.
У канцы мерапрыемства прыехалі два пажарныя аўтамабілі, а супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях пазнаёмілі прысутных з пажарнай і ратавальнай спецтэхнікай, расказалі аб рабоце і магчымасцях сучасных ратавальнікаў.
Вось так актыўна і весела, цікава і пазнавальна правялі дзень дзеці са Слабады і Шуміліна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.