Разлічвацца будзеце дублямі?
У рэспубліцы пачасціліся выпадкі разліку за тавары ў гандлёвых аб’ектах несапраўднымі грашыма. За 6 месяцаў зарэгістравана 340 фактаў збыту.
«Сувенірныя грошы вельмі падобныя на сапраўдныя грашовыя знакі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, — перасцерагае першы намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Воранаў. – На сувенірных банкнотах можна ўбачыць надпісы «ДУБЛЁЎ», «ЦУБЛЁЎ», «SOUVENIR MONEY OF BЕLARUS». Па дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Бела-русь, за 6 месяцаў зарэгістравана 340 выпадкаў збыту такой прадукцыі. 132 з іх склалі банкнотападобныя вырабы, якія адлюстроўваюць беларускія рублі. На жаль, касіры гандлёвых аб’ектаў не заўсёды звяртаюць увагу на элементы аховы нацыянальнай валюты, часта бываюць няўважлівымі пры разліках з пакупнікамі. Пры гэтым за невыкананне патрабаванняў заканадаўства па праверцы грашовых сродкаў на сапраўднасць існуе адміністрацыйная адказнасць».
Сёлета ў рэспубліцы ў адносінах да асоб, якія ўсведамлялі, што разлічваюцца сувенірнымі рублямі, узбуджаны дзве крымінальныя справы за махлярства, двое грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за дробны крадзеж.
Супрацоўнікі РАУС заклікаюць прадаўцоў і ўсіх жыхароў раёна быць вельмі ўважлівымі пры разліках наяўнымі грашыма, каб у абарот не трапілі несапраўдныя грошы.
Людміла ЗУЙКОВА.