Завітайце ў «Беларускую хатку»
Калі вы хочаце даведацца аб тым, як жылі нашы продкі ў далёкія часы і не ведаеце як гэта зрабіць, зазірніце ў Шумілінскі дзіцячы сад № 3. Унікальная «Беларуская хатка» пазнаёміць вас з жыццём продкаў і з прадметамі хатняга побыту, якія знаходзіліся ў беларускай хаце.
Створана яна выхавальнікам Аксанай Доўгінай. Творчы і таленавіты педагог, Аксана Міхайлаўна стварыла макет шырынёй 40 см, даўжынёй 60 см і вышынёй 50 см – аналаг хаты, у якой жылі нашы дзяды і прадзеды шмат тысячагоддзяў таму назад. Усе прадметы інтэр’еру «Беларускай хаткі» размешчаны ў строгім парадку. На ўваходзе ў дом нас сустракае печ, на лежаку знаходзіцца саматканая посцілка. Каля печы – неабходны матэрыял і начынне для распальвання – дровы, лучына. У пачэсным месцы пасярод дома вісіць саламяны абярэг «павук». Вілкі, рыдлёўка, маслабойка, старадаўні прас, калаўрот з верацяном, дэкаратыўныя сурвэткі, льняныя ручнікі, прадметы мэблі, стол…
Праз знаёмства з «Беларускай хаткай» педагогі перадаюць выхаванцам сямейныя, культурныя і гістарычныя каштоўнасці мінулага, прасякнутыя вялікай любоўю і адданасцю да гісторыі сваёй Радзімы.
У садзе пастаянна праходзяць святы народнага календару, у якіх прымаюць актыўны ўдзел бацькі выхаванцаў.
Наталля ПАШКЕВІЧ, загадчыца дзіцячага сада № 3.