А вёска жыве – і гамоніць, і пяе
Жнівень – звычайна час для свята вёсак. У мінулыя выхадныя яны прайшлі ў Лескавічах, Лажку, Мікалаеве, Непаротах.
На свята вёскі Непароты сабралася каля сотні чалавек – не толькі карэнныя жыхары, але і дачнікі, якіх тут багата, іх дзеці і сваякі. Вёска спявала, гаманіла, весялілася. Павіншаваць землякоў прыехаў старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксей Іспянькоў. Ён адзначыў, што Непароты – адна з самых прыгожых вёсак раёна. Тут маляўнічыя азёры, якія прыцягваюць увагу прыезджых, многа дабротных дамоў. І жывуць тут людзі працавітыя і шчырыя, якія наводзяць парадак у вёсцы. Аляксей Іванавіч уручыў падзякі гаспадарам лепшых падворкаў.
Свята арганізавала загадчыца Амбросавіцкага сельскага клуба Алена Пясецкая, якая сама родам з Непарот: яна абышла кожную хату, запрасіла на свята, запісала пра мясцовых людзей цікавыя звесткі, арганізавала выставу фотаздымкаў «Мая спадчына».
На свяце спявалі артысты аддзела па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва раённага цэнтра культуры, Слабадскога сельскага клуба. Да мерапрыемства далучыліся і мясцовыя краязнаўцы. Так, Мікалай Ліскоў з Амбросавіч адзначыў, што раней тут быў не адзін, а два населеныя пункты, таму і гістарычныя звесткі розныя.
Сяло Непароты было вядома ўжо ў 18 стагоддзі. Яго назва была звязана з пражываннем тут панцырных баяр (займалі прамежкавае становішча паміж сялянамі і шляхтай), якія былі абавязаны несці службу коннымі і ў цяжкім узбраенні (панцыры). У адносінах да іх не маглі прымяняцца цялесныя пашкоджанні (яны былі “не пороты”) – адсюль і пайшла назва вёскі.
Разам з тым у земскай кнізе Віцебскага ваяводства значыцца, што 26 кастрычніка 1624 года іменне Непароцкае належала пану Адаму Косаву і пану Аляксандру Косаву. Калі весці адлік з гэтага часу, то Непаротам сёлета – 400 гадоў. Вядома, што ў 1627 годзе Адам Косаў падарыў іменне сваёй дачцэ Эсфір.
На свяце былі агучаны цікавыя звесткі пра Непароцкі касцёл, брукаваную вуліцу (такой яна была раней), пра людзей, якія жылі і працавалі ў вёсцы, перадавікоў, якія сваімі працоўнымі подзвігамі праславілі раён, ветэранаў працы, якія і сёння жывуць у вёсцы.
Мясцовыя жыхары адзначылі, што Непароты – самая лепшая, светлая і гасцінная вёска. А яшчэ яна перспектыўная, бо жыве, квітнее, будуецца. Вяскоўцы спявалі і танцавалі да вечара. А закончылася свята салютам і вогненным шоу, якія арганізавалі мясцовыя жыхары.
Ларыса КІСЯЛЁВА.