Дзень дэсантнікаў у лепшых традыцыях
2 жніўня адбылося святкаванне Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. У Шуміліне яно прайшло ў лепшых традыцыях.
У першай палове дня ўсе жадаючыя маглі наведаць Віцебск, дзе ў 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе была падрыхтавана вялікая праграма, якая ўключала дэманстрацыю тэхнікі і ўзбраення, паказальныя выступленні байцоў і афіцэраў, уключаючы скачкі з парашутам, вальс дронаў. Кранальнай кульмінацыяй стала прапанова рукі і сэрца, якую зрабіў адзін з ваеннаслужачых сваёй каханай.
Увечары шумілінскія дэсантнікі сталі збірацца ў Свята-Мікалаеўскай царкве, дзе шумілінскі благачынны Фёдар Пучынскі прамовіў невялікую пропаведзь, павіншаваў воінаў са святам нябеснага апекуна дэсантных войскаў Святога Прарока Іллі і Днём дэсантніка, прачытаў малітву за спакой воінаў, якія пайшлі з жыцця, і за здароўе жывых.
Ветэраны-дэсантнікі прамаршыравалі па вуліцах райцэнтра да Сквера воінскай славы, дзе адбылося святочнае мерапрыемства. Да дэсантнікаў звярнуўся старшыня раённай арганізацыі “Дэсантнае Шумілінскае Братэрства” Алег Коржаль, які падкрэсліў, што ветэраны-дэсантнікі павінны быць прыкладам ва ўсім, перадаваць слаўныя вайсковыя традыцыі моладзі, працаваць з вучнямі, дапамагаць выхоўваць сапраўдных патрыётаў. Павіншавалі дэсантнікаў са святам намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, кіраўнікі грамадскіх арганізацый ветэранаў Узброеных Сіл Валерый Жандараў («Беларускі саюз афіцэраў»), Васіль Карпушэнка («Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»), Віктар Прыходзька («Саюз ваенных маракоў»).
Валерый Жандараў уручыў актывістам грамадскіх арганізацый юбілейныя медалі “80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць воінаў, якія пайшлі з жыцця, хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка воінам-землякам.
Музычныя нумары падрыхтавалі работнікі культуры.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.