Первые тысячники появились на уборочной в Шумилинском районе

2024 - Год качества Новости Общество Сельское хозяйство

Сяргей ГОМАНАЎ з ААТ «АграБаравінка» першым у раёне намалаціў тысячу тон зерня, а Віталь СІМАКОЎ з гэтай жа гаспадаркі першым перавёз тысячу тон збожжа. Лідараў уборачнай на жніўным полі ўчора, 5 жніўня, павіншаваў старшыня райвыканкама Сяргей ГАЛЫНЧЫК.

«Я ведаю, якая цяжкая праца на жніве, як нялёгка ўбіраць хлеб, – адзначыў Сяргей Аляксандравіч. – Вы першыя тысячнікі ў Шумілінскім раёне, і гэта заслугоўвае вялікай павагі. Вялікі дзякуй вам за працу, жадаю моцнага здароўя, намалаціць і перавезці ў сваім жыцці яшчэ не адну тысячу тон збожжа».

У жыцці Сяргея Гоманава сёлетняе жніво юбілейнае – трыццатае. А ў лідарах уборачнай ён у дваццаць пяты раз. Пакуль што ён  адзіны ў раёне двухтысячнік.

Віталь Сімакоў у сельскай гаспадарцы каля паўтара дзясятка гадоў. Калісьці працаваў на камбайне і быў тысячнікам, зараз рупіцца памочнікам кіраўніка ААТ «АграБаравінка», а на час жніва перасеў на трактар МТЗ‑3522 і адвозіць зерне. Робіць да дзесяці збожжавых рэйсаў за дзень. На палеткі павіншаваць Віталя прыехала яго сям’я – жонка Ганна і дочкі Ніка і Дана.

Да віншаванняў тысячнікаў далучыліся начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў, дырэктар ААТ «АграБаравінка» Яўген Мурашка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *