У полі зроку «Летняга патруля» – месцы адпачынку
ФАКТ. З пачатку года на вадаёмах Беларусі загінула 76 чалавек
Спякотнае надвор’е прываблівае людзей на адпачынак каля вадаёмаў. Пры гэтым варта захоўваць меры бяспекі, асабліва калі на вадзе адпачываюць дзеці. На мінулым тыдні
міжведамасны рэйд, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, РАУС, таварыства ратавання на вадзе і раённай газеты, прайшоў па некаторых месцах масавага адпачынку каля вадаёмаў.
Першым на маршруце камісіі стала Лескавіцкае возера. Тут працуе ратавальны пост, дзяжурныя пільна сочаць за абстаноўкай. Увагу ўдзельнікаў рэйду ў першую чаргу прыцягвалі
дзеці. З усімі правялі гутаркі, нагадалі асноўныя правілы бяспекі, раздалі прафілактычныя памяткі і буклеты. У Башнях і Язвіне няма дазволеных месцаў адпачынку, тым не менш у жыхароў ёсць любімыя месцы для купання. У Башнях усе дзеці былі ў суправаджэнні дарослы, у Язвіне на возеры не было нікога. Апошняе на маршруце – Шумілінскае возера. На пляжы было шматлюдна. І хаця ўсе дзеці былі з дарослымі, прыйшлося некаторым матулям, асабліва з маленькімі дзецьмі, патлумачыць, што не варта загараць далёка ад вады ці “сядзець у тэлефоне”, пакуль дзеці купаюцца – для трагедыі дастаткова некалькі секунд.
Сёння пахаладала, і тэма купання не такая актуальная. Але сіноптыкі прагназуюць вяртанне цёплага надвор’я, таму “Летні патруль” па вадаёмах будзе доўжыцца да канца купальнага сезона.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.