Асцярожна: вас здымаюць
Усё большую папулярнасць набывае рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі. Яна зарэкамендавала сябе як эфектыўная і ў нашым раёне: у рэжыме рэальнага часу адсочваецца сітуацыя ў грамадскіх месцах. Вінаватыя ў крадзяжы знойдзены, падрабязнасці дарожна-транспартнага здарэння як на далоні – выявіць усё гэта дапамагаюць каля сотні відэакамер, устаноўленых у Шуміліне.
«Камеры ўстаноўлены каля прадпрыемстваў, магазінаў, на перакрыжаваннях, у месцах масавага адпачынку грамадзян. Напрыклад, на чыгуначным вакзале яны ўсталяваны ўнутры і з звонку і ўвогуле там няма такіх месцаў, якія б не былі ахоплены назіраннем. Рашэнне, дзе ў нашым горадзе яны будуць устаноўлены, прымаецца ў Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, –расказаў старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Аляксей Буракевіч. – Устанаўліваюць камеры работнікі Шумілінскага ўчастка электрасувязі».
У відэакамер шмат функцый, напрыклад, распазнання чалавека ці нумароў транспартных сродкаў. Іншы раз нават не выязджаючы на месца злачынства (камеры выведзены на маніторы аператыўна-дзяжурнай службы РАУС) міліцыянеры могуць атрымаць карціну накірунку пошуку. Магчымасць відэаназірання аказвае дапамогу ў пошуку вінаватых у злачынствах асоб, людзей, якія садзяцца за руль аўто, але пры гэтым пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.
У гэтым годзе відэакамеры дапамаглі раскрыць з дзясятак злачынстваў. Напрыклад, крадзеж электраінструментаў у ПМК-70, веласіпеда на вуліцы Шумілінскай райцэнтра.
«У бліжэйшы час райцэнтр папоўніцца больш дваццаццю відэакамерамі, – прадоўжыў Аляксандр Буракевіч. – Яны з’явяцца каля цэнтральнай аптэкі, у Светласельскім на ўездзе ў Шуміліна, каля ўстаноў адукацыі раёна. Спадзяемся, гэта яшчэ аблегчыць задачу пры пошуку злачынцаў, махляроў ці асоб, якія здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне».
Ларыса ЗАЙЦАВА