ЗАжывём ў вёсцы. Цяпер іх радзіма – Беларусь
Восем гадоў таму Наталля Мітрафанаўна і Уладзімір Васільевіч Жытнікі кардынальна памянялі сваё жыццё – назаўсёды прыехалі ў вёску Заполле Мішневіцкага сельсавета. Разам з імі прыехаў і сын Наталлі Мітрафанаўны – Віктар Сікорскі.
Наталля і Уладзімір жылі ў Херсоне. «Заробкі былі невялікімі, пасля і наогул пачалі частку зарплаты выдаваць бытавой патрыманай тэхнікай, якую гаспадар будаўнічай фірмы прывозіў з іншых краін, нас гэта зусім не ўладкоўвала, – кажа Уладзімір. – Як кажуць, з магнітафона суп не зварыш. І мы вырашылі падацца ў Іспанію. Свет паглядзець і грошай зарабіць».
У Іспаніі сям’я жыла ў горадзе Валенсія, працавалі ў будаўнічай брыгадзе. «У нас была нядрэнная кватэра, але хацелася жыць на прыродзе, дыхаць свежым паветрам, – кажа Наталля. – І мы вырашылі паспытаць удачу і адправіцца ў прыгожую і гасцінную краіну, якой лічылі Беларусь. Па інтэрнэце мы шукалі дом у невялікай вёсцы, выбар паў на Заполле. Так у 2016 годзе мы аказаліся тут. Зрабілі касметычны рамонт у доме, уставілі пластыкавыя вокны, навялі парадак на падворку».
Уладзімір пайшоў працаваць вальшчыкам у Казьянскае лясніцтва, Наталля знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Сын Віктар закончыў у Полацку лясны каледж і ўладкаваўся памочнікам ляснічага ў Казьянскае лясніцтва. Нядаўна Віктар купіў дом у гэтай жа вёсцы, атрымаў беларускае грамадзянства і цяпер з гордасцю кажа: «Я мясцовы чалавек, я беларус!».
Неўзабаве так скажуць пра сябе і Наталля з Уладзімірам. Яна па нацыянальнасці руская, ён украінец, абодва з’яўляюцца грамадзянамі Украіны. Неўзабаве будуць гатовы дакументы на афармленне беларускага грамадзянства.
«Беларусь – гэта маленькая Расія. Тут усё прыгожа і дагледжана, – кажуць Жытнікі. – Мы ехалі праз Брэст, Гомель, іншыя гарады – усюды абкошана, прыбрана, вуліцы ўпрыгожаны кветкамі. Людзі тактоўныя, ветлівыя, гасцінныя. Мы набылі тут сяброў. Наша вёска Заполле невялічкая. І якое ж было наша здзіўленне, калі даведаліся, што аўтобус да райцэнтра ходзіць пяць разоў на тыдзень. Дзвесце метраў – і ты на прыпынку. Да нас два разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка і паштовая машына. Яшчэ ўразіў клопат пра нас: работнікі сельвыканкама пыталіся, як мы ўладкаваліся, ці патрэбна нам што. Перыядычна да нас заходзяць участковы інспектар РАУС, ратавальнікі. Вось што значыць культурная краіна! Тут клапоцяцца пра кожнага грамадзяніна і нават пра прыезджых. Мы гордыя тым, што жывем у такой краіне, і вельмі паважаем Прэзідэнта Беларусі».
За восем гадоў у Заполлі Жытнікі спрабавалі трымаць коз і курэй, саджалі вялікі агарод бульбы. Зараз вырошчваюць агуркі, цыбулю, моркву, гарбузы. Апрацаваць агарод дапамагаюць сябры з мотаблокам. Побач з хатай – калодзеж, Уладзімір зрабіў над ім дах, а яшчэ лавачкі. Атрымалася накшталт альтанкі, дзе можна пасядзець летам у цяньку. У планах Наталлі і Уладзіміра – зрабіць рамонт у доме, такія ж планы і ў Віктара. Ну, а пакуль утраіх атрымліваюць асалоду ад цішыні, гаючага паветра і хадзьбы па мяккай траве басанож.
Ларыса КІСЯЛЁВА.