Жытнёвы ліпень шумілінскіх студэнтаў
На час уборачнай на Шумілінскі вытворчы ўчастак Полацкага камбіната хлебапрадуктаў уладкаваліся студэнты Сяргей РАМАНАЎ і Уладзіслаў САКАЛОЎ – дапамагаюць мясцовым работнікам прымаць зерне. За дзень з гаспадарак раёна сюды прывозяць больш за сто тон будучага хлеба.
Сяргей Раманаў і Уладзіслаў Сакалоў не толькі землякі, яны абодва вучацца ў Полацкім дзяржаўным ўніверсітэце. «Я закончыў другі курс па спецыяльнасці “цеплазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”, мінулым летам працаваў у ПМК‑70, з зернем працую ўпершыню, – расказаў Сяргей. – Такую колькасць збожжа ніколі не бачыў. Адчуваю асаблівы гонар за тое, што маю дачыненне да такой важнай кампаніі як уборачная, прымаю ўдзел у сарціроўцы зерня, размяркоўваю яго па прыёмных бункерах, дапамагаю наводзіць парадак на тэрыторыі».
Уладзіслаў Сакалоў закончыў першы курс і будзе ў будучым спецыялістам па кібербяспецы.
«Мы задаволены, што да нас прыйшлі працаваць студэнты – маладыя, спрытныя, актыўныя, – кажа начальнік Шумілінскага вытворчага ўчастка Полацкага КХП Вольга Някрасава. – Яны не пабаяліся пылу, работы з рыдлёўкай і мятлой. І гэта ў іх жыцці будзе добры вопыт. Працуюць хлопцы дружна, іх работай мы задаволены».
Сяргей і Уладзіслаў плануюць застацца на вытворчым участку да канца ўборачнай кампаніі. Улад мае намер купіць на заробленыя грошы новую гітару і гукавую карту да яе, а Сяргей свае планы трымае ў сакрэце, сказаў толькі, што збірае грошы на вялікую пакупку.
Ларыса ЗАЙЦАВА