Итоги работы района за первое полугодие рассмотрели на заседании райисполкома

Новости Официально Экономика

«Не лічыць грошы сёння проста недаравальна»

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе бягучага года разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, нягледзячы на тое, што вынікі работы сведчаць пра пазітыўную дынаміку ў развіцці рэгіёна, радавацца няма чаму, улічваючы, што па многіх паказчыках раён зніжаў тэмпы некалькі папярэдніх год.

З дакладам выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан. Яна агучыла галоўныя лічбы: з 16 прагнозных паказчыкаўраёнам забяспечанавыкананне 12, уключаючы 4 ключавыя паказчыкі: тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты, сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту, тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал, зніжэнне выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Разам з тым не забяспечана выкананне заданняў па індэксепрамысловай вытворчасці, тэмпу росту аб’ёму будаўніча­мантажных работ, тэмпу росту экспарту тавараў і рэнтабельнасці продажаў.

Дакладчык падрабязна спынілася на выніках работы па кожнай галіне. Ёсць пэўныя вынікі ў сельскай гаспадарцы: тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 115,9% пры ўстаноўленым заданні 107,1%; у будаўніцтве тэмп росту аб’ёму падрадных работ склаў 148,8% (заданне –103,5%); каэфіцыент цякучасці кадраў склаў 10,1% (заданне – не больш за 12,2%). Не вельмі спрыяльна склалася сітуацыя ў прамысловасці – выраблена прадукцыі толькі 62,4% да аналагічнага перыяду мінулага года. Заданне выканала толькі УП ЖКГ.

Пэўных вынікаў удалося дасягнуць у жывёлагадоўлі. Валавая вытворчасць малака склала 6 322 тоны (123,2% да ўзроўню мінулага года). Рост вытворчасці малака забяспечылі ўсе сельгасарганізацыі, за выключэннем КУСГП «Ульскі» (90,7%). Надоена на карову 1209 кг, што на 313 кг вышэй за ўзровень 2023 года. Адпаведна, павялічылася рэалізацыя малака(5 248 тон, або 139,9%). Аднак сельскагаспадарчыя арганізацыі не змаглі забяспечыць таварнасць малака на ўзроўні 90% (толькі 83%). Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі склала 5 487 тон (103,0%), у тым ліку вырошчванне буйной рагатай жывёлы – 554,2 тоны (135,7%), птушкі – 4 611 тоны (101,7%), свіней – 317,9 тоны (89,3%). Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы па раёне склала 341 грам (136,4%).

Значных вынікаў удалося дабіцца ў нарыхтоўцы кармоў. На 1 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёна нарыхтавана 10 263 тоны кармавых адзінак (280,5%). У разліку на ўмоўную галаву жывёлы для грамадскага пагалоўя нарыхтавана 9,1 ц. к. адз. (2023 г. – 3,0 ц. к. адз.).

Выкананы яшчэ адзін важны паказчык – выкарыстанне інвестыцый у асноўны капітал (137,9% пры заданні 107%). Яго рост абумоўлены рэалізацыяй буйных праектаў – мадэрнізацыяй на ОКЗ, арганізацыяй цэху па раздзелцы і ўпакоўцы мяса птушкі ў г. п. Шуміліна ТАА «Вітконпрадукт», рэканструкцыямі СШ № 2, кацельні УП ЖКГ у аграгарадку Мікіціха.

За 6 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 1109 кв. м жылля (100,8%). Плануецца пачаць будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па зав. Угнявёнка.

Экспарт паслуг за студзень­май склаў 113,6 тыс. долараў ЗША, вырас у 7,1 раза. Значна вырас экспарт транспартных (у 20 разоў) і турыстычных паслуг (143,6%), а вось экспарт медыцынскіх знізіўся (55,6%).

За першае паўгоддзе стратнымі з’яўляюцца тры арганізацыі – СУП «Лаўжанскае», ОКЗ і Шумілінская ПМК­70. Колькасць стратных арганізацый знізілася на адну.

У раёне вядзецца мэтанакіраваная работа па садзейнічанні занятасці насельніцтва і працаўладкаванні грамадзян. Колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы раёна, у студзені чэрвені склала 6243 чалавекі. На 1 ліпеня заяўлены звесткі аб наяўнасці 206 вакансій. У раёне захоўваецца станоўчая дынаміка росту заработнай платы. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені–маі склала 1507,8 рублёў (119,5% пры заданні 113,1%).

Вынікі работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна паказалі, што прынятых кіраўнікамі мер недастаткова для выканання паказчыкаў, устаноўленых на 2024 год, падсумавала дакладчык. Кіраўнікам усіх узроўняў патрабуецца неадкладнае прыняцце канкрэтных мер па ліквідацыі дапушчаных адставанняў у сацыяльна­эканамічным развіцці, выхаду на бясстратную работу, павышэнні эфектыўнасці работы арганізацый.

Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык выказаў незадаволенасць работай пэўных кіраўнікоў, адсутнасцю кантролю за бухгалтарскім улікам з боку аддзела эканомікі райвыканкама, пасіўнасцю кіраўнікоў у пытаннях інвестыцый у машыны і абсталяванне. «Не лічыць грошы сёння проста недаравальна», – зрабіў заўвагу Сяргей Аляксандравіч.

На пасяджэнні выканкама былі заслуханы адказныя спецыялісты і кіраўнікі арганізацый са справаздачамі аб перспектывах развіцця прадпрыемстваў. Асобная гаворка ішла пра тое, дзе сёння сельгасарганізацыі больш за ўсё губляюць грошы (толькі за нізкую якасць малака згублена 1,5 мільёна рублёў) і як выпраўляць сітуацыю.

Кіраўнік раёна даў даручэнне  прапрацаваць і больш канкрэтызаваць праект рашэння.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *