Прафесію сталяра можна назваць старадаўняй. Яшчэ ў мінулым стагоддзі вельмі цаніліся людзі, якія звычайныя дошкі пераўтваралі ў прыгожыя шафы, акуратныя палічкі і нават ложкі. Прафесія сталяра не страціла сваю значнасць і сёння – у гэтым упэўнены Сяргей Цуранаў, які працуе сталяром у дрэваапрацоўчым цаху камунагса.
У цаху звычайны рабочы дзень, збоку назіраем за сталяром. За лічаныя хвіліны на дрэваапрацоўчым станку шурпатыя дошкі становяцца габляванымі. Праходзяць яшчэ якія паўгадзіны — і ў руках сталяра з’яўляецца акуратная паштовая скрыня. І тут галоўнае нават не сталярскі вопыт, а ўменне працоўных рук, імкненне спасцігнуць усе азы сталярскай навукі. А такое імкненне ёсць у Сяргея. І калі напрасіліся на размову, хлопец накіраваўся да альтанкі, якую разам з калегамі і зрабіў.
“Наш Сяргей — малайчына! Кожную дэталь выточвае з любоўю, лаўку зробіць — залюбуешся! — гаворыць майстар дрэваапрацоўчага цэха УП ЖКГ С. Д. Бандарэнка. — Працуе ў нас амаль пяць гадоў, умее вельмі многае. Разумная зараз моладзь і працавітая”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.