На контроле уборочная-2024. Межведомственный рейд по объектам АПК

Новости Сельское хозяйство

Правяралі тэхніку, вогнетушыцелі, парадак

23 ліпеня супрацоўнікі раённай пракуратуры, РАУС, ДАІ і РАНС правялі сумесны рэйд па сельгаспрадпрыемствах раёна. Да яго далучыліся прадстаўнікі прэс-цэнтра ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Разам з рэйдавай групай ААТ «Ляжні» і «Прыазёрны мір» наведала і карэспандэнт раённай газеты.

Ва ўрочышчы Свярдлы працавалі чатыры камбайны ААТ «Ляжні». Правяраючыя адразу адзначылі станоўчае: на полі дзяжурыць трактар з бочкай, у якой знаходзіцца дзве тоны вады, механізатары ведаюць, як паводзіць сябе ў экстранных сітуацыях.

На зернетаку ў Крывым Сяле нас сустрэў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Папіна. Памочнік пракурора Шумілінскага раёна Аляксей Шчарбакоў і старшы інспектар прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Дзмітрый Шэдзько пацікавіліся наяўнасцю тэхнікі на мехдвары і яе станам, запыталіся, чаму адзін з камбайнаў не на жніве. «Зламалася рэшата, рамантуем, – патлумачыў Аляксандр Мар’янавіч. – Да вечара КЗС выедзе на палеткі. Мы зацікаўлены ў тэмпах уборкі, тым больш, што ўраджай нядрэнны – зараз маем 24,6 цэнтнера з гектара».

Старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў праверыў у ААТ «Ляжні» і «Прыазёрны мір» спраўнасць светлавых прыбораў, наяўнасць дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. «Усе, хто працуе за рулём, маюць вадзіцельскія пасведчанні адпаведнай катэгорыі, тэхагляды пройдзены, страхоўкі ёсць, – агучыў Віктар Мікалаевіч. – Паліва адпускаецца строга па пуцёўках, вядзецца яго штодзённы замер».

Рэйдавая група адзначыла, што з года ў год у ААТ «Прыазёрны мір» няма заўваг па праходжанні абучэння па пажарна­тэхнічным мінімуме і патрэбных інструктажаў – бачна добрая работа інжынера па ахове працы. Падчас рэйду праверылі наяўнасць тэхнікі і камплектуючых, герметычнасць прычэпаў для перавозкі зерня. Гэтым засталіся задаволенымі.

А вось наконт пажарнай бяспекі, па ахове аб’ектаў і па добраўпарадкаванні былі пытанні ў дзвюх гаспадарках. Некаторыя з іх былі выпраўлены ў той жа дзень. Напрыклад, на зернетаку ў Крывым Сяле замянілі вогнетушыцель патрэбнага аб’ёму. У ААТ «Прыазёрны мір» было больш заўваг: на мехдвары – ні душы, арачнікі ўсе адкрытыя – бяры што хочаш. Памочнік пракурора і інспектар РАНС Ілья Шніпаў звярнулі ўвагу на тое, што рабочы такарны станок не эксплуатуецца, а завалены рознымі запчасткамі. Увогуле ў гэтым ангары не адчувалася гаспадарскай рукі: быў такі беспарадак, што і ступіць няма куды.

Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў даведзена інфармацыя пра ўстаноўленыя недахопы, дадзены час на іх выпраўленне.

Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *