Криминал. Происшествия

Происшествия

Электрадрыль
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар а.-г. Башні і паведаміў, што з яго кватэры прапала электрадрыль. Яе кошт ацэнены ў 300 тысяч рублёў. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС устанавілі, што дрыль украў непаўналетні жыхар Башнёў. Супраць хлопца па арт.205 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Крадзеж” узбуджана кры-мінальная справа. Украдзенае канфіскавана і вернута гаспадару.
Брага
Супрацоўнікамі Дэпартамента аховы МУС канфіскавана 420 літраў самагоннай брагі. Бітоны знайшлі  ў кустах ля ракі Обаль. Па дадзенаму факту вядзецца праверка. Асоба вытворцы незаконнага спіртнога высвятляецца.
Нецвярозы
Жыхар Шуміліна ў гэтым годзе быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў і атрымаў штраф памерам у тры мільёны рублёў за тое, што кіраваў легкавой машынай у стане алкагольнага ап’янення. Але ж не прайшло і паўгода, як гэты ж вадзіцель (ужо без правоў) зноў сеў за руль аўто. І зноў нецвярозы. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Правы
Жыхар Шуміліна перадаў права кіравання ўласным трактарам знаёмаму, хоць той не меў правоў кіравання. У выніку на абодвух – гаспадара трактара і таго, хто ім кіраваў, супрацоўнікі ДАІ склалі адміністрацыйныя пратаколы. Мужчынам пагражае штраф па 2 мільёны рублёў кожнаму.
Стаянка
Жыхар Светласельскага, які працуе на вялікагрузнай машыне, напэўна ж,  ведаў, што згодна з Правіламі дарожнага руху пакідаць на стаянку аўтамабіль з тэхнічна дапушчальнай масай звыш 3,5 тоны дазваляецца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, пазначаных адпаведнымі дарожнымі знакамі.
Але гэтых правілаў мужчына не прытрымліваўся. Ён паставіў машыну проста на абочыне. За гэта на вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф у памеры да пяці базавых велічынь.
Салярка
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі на аўтадарозе Віцебск-Полацк спынілі легкавую машыну. Дакументы ў ва-дзіцеля, жыхара Обалі, былі ў парадку. А вось небяспечны груз, што знаходзіўся ў багажніку, перавозіўся не па правілах: у звычайныя металічныя ёмкасці было наліта ажно 800 літраў дызельнага паліва.
На абальчаніна складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да пяці мільёнаў рублёў.
Дабаўка
Непрацуючы і раней судзімы жыхар Кардона, які напярэдадні добра выпіў, вырашыў з’ездзіць за дабаўкай у магазін Мікалаёва. Але паколькі асабістага аўтамабіля не меў, вырашыў пакарыстацца чужым. Напярэдадні знаёмы яму чамусьці даверыў ключы ад сваёй легкавушкі.
У стане алкагольнага ап’янення і не маючы правоў кіравання вясковец сеў за руль чужой машыны, але ў Мікалаёве быў спынены супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №62 ад 07.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *