Сціплы, працавіты, перспектыўны
Малады спецыяліст райаддзела па надзвычайных сітуацыях лейтэнант Дзяніс Фадзееў, які родам з Віцебскага раёна, быць ратавальнікам марыў з дзяцінства.
Да гэтага выбару хлопца падштурхнулі не вельмі прыемныя жыццёвыя гісторыі: у пачатковых класах яго з мосціка ў рэчку штурхануў аднакласнік. Плаваць Дзяніс не ўмеў, і на ўсё жыццё запомніў, што паспеў перажыць да выратавання. Пазней хлопец бачыў, як тоне бацька. Гэта было зімой, бацька лавіў рыбу і праваліўся пад лёд. Дзякуй богу, і тады ўсё закончылася добра. Сам Дзяніс навучыўся плаваць позна, калі вучыўся ў 10 класе.
Так што пасля школы хлопец меў асэнсаваны намер паступаць ва Універсітэт грамадзянскай абароны на факультэт ліквідацыі НС, але ж па стане здароўя не прайшоў, і тады прыняў рашэнне паспрабаваць сілы на другім факультэце. Самым цяжкім, прызнаецца, быў курс маладога байца, нягледзячы на тое, што фізічна хлопец быў падрыхтаваны. Гэта стала вызначальным момантам: альбо ўкараняешся ў жаданнi застацца ў прафесii, альбо не вытрымлiваеш спецыфiкi будучай работы.
На апошнім курсе пры размеркаванні Дзяніс Фадзееў сам выбраў Шуміліна (выбіраў з Сянно, Браслава, Шаркоўшчыны, Оршы). Маўляў, знаёмыя адгукаліся пра Шумілінскі райаддзел добра, у дадатак транспартныя зносіны адны з самых лепшых. І не прагадаў. У Шуміліне маладога спецыяліста прынялі, як роднага. «На дапамогу прыйшлі начальнік аддзела Андрэй Іванавіч Сасновіч, Алег Віктаравіч Бунто, Ілья Шніпаў, – кажа Дзяніс. – Праз пару месяцаў кіраўніцтва выхлапатала пакой у інтэрнаце. Умовы жылля і работы цалкам задавальняюць».
За год інспектар практычна вывучыў раён. Унік у тонкасці службовых абавязкаў, у якія ўваходзяць наглядная дзейнасць за аб’ектамі, пажарна-прафілактычная работа ў жылым фондзе, адміністрацыйная практыка. «Усе людзі чамусьці думаюць, што з імі нічога надзвычайнага не здарыцца. І ігнаруюць правілы бяспекі, – заўважае малады спецыяліст. – А так рабіць ні ў якім разе нельга. Бо часам бывае проста немагчыма ратавальнікам аказаць дапамогу».
Сціплы, працавіты, адказны – так інспектара Дзяніса Фадзеева характарызуе кіраўніцтва аддзела. Талковы з яго атрымаецца спецыяліст. Галоўнае, каб застаўся пасля адпрацоўкі. А шансы на тое, што ён застанецца, вельмі высокія: Дзяніс знайшоў сваё каханне ў Шуміліне…
Алена КАРПУШЭНКА.