19 ліпеня ў г. п. Обаль прайшла рэспубліканская патрыятычная акцыя Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь “Марш Перамогі”.
Адной з мэт акцыі “Марш Перамогі” было паказаць пераемнасць пакаленняў пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны і сучаснай беларускай арміі, якая беражэ мір і спакой, стварае ўмовы для плённай працы грамадзян Рэспублікі Беларусь. Маршрут акцыі быў пракладзены па гарадах і пасёлках нашай краіны, узнагароджаных вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэтым ганаровым вымпелам сёлета адзначаны і гарадскі пасёлак Обаль у знак прызнання подзвігу яго жыхароў у падпольнай і партызанскай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У рамках акцыі у гарады дастаўляюць адзін з сімвалаў Вялікай Перамогі – славутыя танкі Т-34, якія былі адным з асноўных відаў узбраення ў гады вайны. Нягледзячы на шаноўны узрост, рэтра-тэхніка на хаду і знаходзіцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Разам з гістарычнай тэхнікай у акцыі ўдзельнічаюць воіны Узброеных сіл Беларусі, якія дэманструюць сучаснае ўзбраенне, знаёмяць з навейшая тэхнікай і зброяй.
– Патрыятычнае выхаванне – вельмі важны элемент падрыхтоўкі моладзі да вайсковай службы. У апошнія гады расце колькасць юнакоў, якія ідуць служыць з жаданнем, асэнсавана, разумеюць сваю адказнасць за абарону Радзімы, – адзначыў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна Бешанковіцкага аб’яднанага ваенкамата Андрэй Собін. – “Марш Перамогі” нас усіх аб’ядноўвае і ўносіць вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне насельніцтва”
Два Т-34 выклікалі непадробную цікавасць юных жыхароў пасёлка, якія літаральна абляпілі грозныя машыны.
Байцы 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай Чырванасцяжнай ордэна Суворава брыгады дэманстравалі сучасныя ўзоры стралковай зброі і адзення, выкарыстанне паветраных дронаў і іншае. Каб сфатаграфавацца са зброяй, да салдат выстройваліся чэргі. Дарэчы, у брыгадзе, якая месціцца ў Заслонаве, служаць і нашы, шумілінскія хлопцы. Чарга стаяла і да ваенных повараў, якія частавалі абальчан кашай, прыгатаванай на паходнай кухні.
Дзятву цягнула да сабак, якіх прывезлі ваенныя кінолагі з Мінскага кіналагічнага цэнтра. Ну а паказальныя выступленні кінолагаў з іх выхаванцамі прыцягнулі ўсеагульную ўвагу.
Абальчане з задавальненнем паслухалі канцэрт ваеннага ансамбля, які выконваў папулярныя песні, і выступленне духавога аркестра Віцебскага гарнізона. У знак удзячнасці старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Будневіч уручыў аркестру памятны знак “100 год Шумілінскаму раёну”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.