Аднаго вогнетушыцеля мала!
Штотыднёва спецыялісты абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама згодна з планам «Ураджай-2024» правяраюць стан пажарнай бяспекі ў сельгаспрадпрыемствах вобласці.
У пятніцу 19 ліпеня галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Фурса і старшы інспектар РАНС Ілья Шніпаў, спецыяліст камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Янковіч, намеснік начальніка райсельгасхарчу Раман Прасветаў і карэспандэнт раённай газеты накіраваліся ў сумесны рэйд праверыць стан пажарнай бяспекі ў КУСГП «Сіроцінскі».
Першым аб’ектам праверкі сталі майстэрні ў аграгарадку Слабада. Пад пільнае вока правяраючых трапіла літаральна ўсё – і агульны стан, і тэхніка, якая будзе задзейнічана на жніве, і сродкі пажарнай бяспекі, і вядзення дакументацыі – дробязей тут не бывае. На жніве галоўнае – бяспека людзей. Аляксандр Фурса адразу адзначыў, што аднаго вогнетушыцеля на ўсю майстэрню яўна недастаткова. Узніклі ў правяраючых пытанні да навучання работнікаў супрацьпажарнай бяспецы і правядзення інструктажаў.
На зернесушыльным комплексе ў Слабадзе асноўны комплекс супрацьпажарнай бяспекі выконваецца, хаця зноў-такі ўзніклі пытанні па дакументацыі. А вось наконт АЗС, то тут крытычныя заўвагі найперш тычыцца добраўпарадкавання: тэрыторыя не абкошана. Быльнёг і трава па пояс асабліва на такім небяспечным аб’екце, як АЗС можа стаць прычынай пажару.
Ва ўрочышчы Філіпенкі камбайн убіраў пшаніцу. Тэхніка поўнасцю аснашчана супрацьпажарнымі сродкамі, камбайнер Аляксандр Раманятаў дакладна расказаў, як дзейнічаць пры ўзнікненні надзвычайных здарэнняў.
– У «Сіроцінскім» у цэлым стан пажарнай бяспекі адпавядае нормам, – падсумаваўАляксандр Фурса. – Так, ёсць шэраг пытанняў, якія неабходна ў самы бліжэйшы час ліквідаваць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.