Отработал обязательные два года и остался в Башнях Александр Кураков

Молодёжь Сельское хозяйство

Адпрацаваў абавязковыя два гады і застаўся!


Глядзіш на тое, як роўна і ўпэўнена ідзе па пратаптанай дарозе па полю МТЗ‑2822, скідваючы хуткасць на кожнай калдобіне, каб не прасыпалася здробненая трава ў прычэпе, адразу пранікаешся павагай да механізатара і думаеш: сталы і вопытны.


«Наконт сталасці памыліліся, а вось вопыт ужо ёсць, – кажа начальнік участка ААТ «АграБаравінка» Аляксандра Міраненка. – За рулём – Аляксандр Куракоў (на здымку), які працуе ў нас чацвёрты год. Добры хлопец, руплівы, талковы!».
Аляксандр родам з Гарадоцкага раёна. Вывучыўся ў Гарадоцкім каледжы на тэхніка-механіка, атрымаў правы механізатара. І калі яго размеркавалі ў ААТ «АграБаравінка», папрасіўся працаваць на трактары. Сказаў, што гэта яму блізка і цікава. Бацька рупіўся на МТЗ у адным з сельгаспрадпрыемстваў Гарадоцкага раёна, і хлопец, як кажуць, “вырас за рулём”. Просьбу Аляксандра задаволілі. Перад вясенняй і восеньскай пасяўной ён рыхтаваў глебу да сяўбы, працаваў з баронамі і чызелем. А зараз на адвозцы зялёнай масы да сянажнай траншэі – робіць па 7-8 рэйсаў за дзень.
«Пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі ў “АграБаравінцы” я тут застаўся, – кажа Аляксандр. – Многія цікавіліся, чаму не з’ехаў на радзіму. А мне тут падабаецца! Вельмі добры механізатарскі калектыў, талковы кіраўнік. Да таго ж, мяне прынялі ў Башнях гасцінна: прадаставілі двухпакаёвую кватэру са зручнасцямі, і я быў гэтаму рады. Зрабіў касметычны рамонт, на пад’ёмныя купіў халадзільнік і газавую пліту. Умовы жылля мяне задавальняюць. Гатаваць за чатыры гады жыцця ў інтэрнаце навучыўся. Так што і бульбу пасмажыць магу, і суп зварыць. А абеды нам прывозяць на поле».
Аляксандр Куракоў не толькі добра кіруе тэхнікай, але і разбіраецца ў яе ўстройстве – калі якія непаладкі, рамантуе сам. Дапамагае калегам, а яны – яму.
«Мы вельмі задаволены, што ў нашым калектыве працуе Аляксандр Куракоў. Паболей бы такой моладзі! – кажа дырэктар ААТ «АграБаравінка» Яўген Мурашка. – Ён стараецца, спасцігае новае, яму можна смела даручаць любую работу. Спадзяемся, што застанецца ў нашай гаспадарцы назаўсёды!».
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *