Дуэт хлебаробаў
Нараўне з вопытнымі камбайнерамі на палетках раёна падчас уборачнай працуе і моладзь.
З маладзёжным экіпажам мы сустрэліся на палетках КУСГП «Сіроцінскі» –ва ўрочышчы Ермачкі ўбіралі азімы ячмень. За штурвалам камбайна – Уладзіслаў Осіпаў. «Два гады быў памочнікам камбайнера, пяты год працую на КЗСе самастойна, – расказаў Уладзіслаў. – Працаваць на зямлі, убіра-ць хлеб – гэта ў нас сямейнае. У свой час многаму навучыўся ад бацькі, які таксама рупіўся механізатарам у гэтай жа гаспадарцы. Зараз мне 27 гадоў, і я ганаруся, што ўмею кіраваць магутным камбайнам і ўбіраць хлеб – за дзень абмалочваю да 15 гектараў азімага ячменю».
І вучань ва Уладзіслава знайшоўся. Сёлета на практыку ў «Сіроцінскі» прыйшоў Арцём Корзун. Сам ён шумілінскі, заканчваў СШ № 2, вучыцца ў Гарадоцкім каледжы на спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” па накіраванні ад раёна. Значыць, вернецца працаваць на радзіму. Для праходжання практыкі выбраў блізкую ад райцэнтра гаспадарку.
Арцёму даспадобы працаваць на камбайне са сваім старэйшым таварышам. «Мая задача – чысціць рэшата, змазваць вузлы і агрэгаты і ўвогуле быць увесь час на падхваце», – кажа Арцём.
Уладзіслаў і Арцём – не проста напарнікі, падтрымка і ўзаемавыручка, а дуэт хлебаробаў. Яны ўдзельнічаюць у маладзёжным рэспубліканскім праекце «Моладзь – за ўраджай!», які праходзіць у перыяд уборачнай ва ўсіх рэгіёнах краіны. Няхай жа хлопцам пакарыцца рубеж у тысячу намалочаных тон!
Ларыса ЗАЙЦАВА.