Лідзіруюць лаўжанцы
Спякотнае надвор’е, якое стаіць апошнія дні, лаўжанскія механізатары лічаць вялікім плюсам, бо зерне сушыцца на карані. Гэтым самым эканоміцца час, а таксама паліва, якое выкарыстоўваюць на зернесушыльным комплексе. “Зараз вільготнасць зерня – 20%, – кажа аграном ААТ “Лаўжанскае” Андрэй Бель. – А на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў прымаюць вільготнасцю 14-15%. Так што дасушваць прыходзіцца нямнога. Добра, каб надвор’е і надалей спрыяла ўборачнай. Тым больш, што ўраджай сёлета добры – месцамі больш за 30 цэнтнераў з гектара”.
Вялікую ўвагу ў акцыянерным таварыстве ўдзяляюць якасці ўборкі: разам з камбайнерамі на полі аграномы, па некалькі разоў на дзень сюды прыязджае і дырэктар гаспадаркі, і правяраючыя з раёна.
У пачатку жніва ў гаспадарцы працавала дзевяць камбайнаў, а ў канцы мінулага тыдня па лізінгу атрымалі яшчэ два КЗС-1218. Зернеўборачныя комплексы адразу кінуліся ў “бой”.
Размаўляем з механізатарамі. “Убралі пшаніцу ў Брыціках, – расказалі яны. – Ураджайнасць склала амаль 35 цэнтнераў з гектара. Добры ўраджай і ўбіраць хочацца, працуем да цямна”.
Па тэмпах жніва ААТ “Лаўжанскае” ў тройцы лепшых гаспадарак. На 30 ліпеня тут ўбралі зерневыя на 563 гектарах (гэта 26,9% да патрэбнага). На раённай дошцы гонару, зацверджанай у газеце – лаўжанскія механізатары. Па намалотах лепшыя вынікі ў Алега Барысевіча, Валерыя Хадзюкова і Сяргея Новікава, на перавозцы – у Андрэя Кахаева.
“Настрой выдатны, – гаворыць Валерый Хадзюкоў. – Настроены па-баявому. Нормы нам даведзены, пра ўмовы спаборніцтва ведаем. На поле прывозяць абеды два разы на дзень. І мы стараемся не застацца ў даўгу. Дзень на дзень не прыходзіцца, але ў самыя спрыяльныя дні пры норме ў 26 тон даём амаль на 80”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №60 ад 31.07.2012 г.