Шумилинцы на «Славянском базаре-2024». Будут танцевать, петь частушки, плести из соломки

Культура Новости Общество Славянский базар

Будуць танчыць, спяваць прыпеўкі,  плесці з саломкі плесці з саломкі

Шумілінцы любяць наведаць “Славянскі базар”: пагуляць па “Горадзе майстроў” і гандлёвых радах, прыцаніцца да сувеніраў і вырабаў, што прапануюць беларускія рамеснікі і прадпрыемствы; паглядзець на дзеі, што разгортваюцца на фестывальных вуліцах Віцебска; наведаць канцэрты ў Летнім амфітэатры; пачаставацца прысмакамі ці кубкам кавы, што прапануюць у шматлікіх кафэ. Ну і, канешне ж, падтрымаць шумілінскіх майстроў і артыстаў, без якіх не абыходзіцца ніводны “Славянскі базар”. Вось і сёлета шумілінскія работнікі культуры актыўна далучыліся да фестывальных мерапрыемстваў, расказала загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова.

Учора, 11 ліпеня, у дзень адкрыцця XXXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, артысты раённага цэнтра культуры, выкладчыкі Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, работнікі раённай бібліятэкі і раённага Дома рамёстваў прадстаўлялі Шуміліншчыну ў рамках прэзентацыі тэматычных пляцовак рэгіёнаў Віцебскай вобласці.

У гэты ж дзень майстры раённага Дома рамёстваў адкрылі “Шумілінскі панадворак” на кірмашы рамёстваў “Горад майстроў”, які будзе працаваць на працягу ўсіх фестывальных дзён. А народны майстар Наталля Сцержанкова возьме ўдзел у V Адкрытым абласным свяце‑конкурсе майстроў народных мастацкіх рамёстваў па саломапляценні “Папараць‑кветка‑2024”.

Таксама ўчора прайшоў VI Міжнародны фестываль‑конкурс барабаншчыц і мажарэтак, у якім браў удзел узорны ансамбль барабаншчыц і мажарэтак «Экспрэсія» з Шумілінскай ДШМ. Ужо вядома, што шумілінскія барабаншчыцы заваявалі дыплом 3-й ступені.

Сёння, 12 ліпеня, у рамках фестывальнага праекта “У крузе песень і сяброў” возьме ўдзел народны калектыў раённага цэнтра культуры “Світанак”.

У суботу, 13 ліпеня, запрашаем на XI Міжнародны турнір нацыянальных танцаў “Танчым разам”, каб падтрымаць танцавальныя пары з раённага цэнтра культуры і Обальскага ГДК. Турнір будзе праходзіць на плошчы Свабоды.

Таксама на плошчы Свабоды ў нядзелю, 14 ліпеня, пройдзе Абласное свята‑конкурс народнай музыкі і прыпеўкі “А музыкі граюць, граюць”, у якім гонар Шуміліншчыны будуць абараняць артысты раённага цэнтра культуры.

Так што акунайцеся ў святочную атмасферу міжнароднага фэсту, далучайцеся да фестывальных мерапрыемстваў, падтрымлівайце землякоў і атрымлівайце зарад святочнага настрою на цэлы год!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *