Районные «Зажинки» прошли на поле КУСГП «Улльский»

Главное Новости Сельское хозяйство

Учора, 11 ліпеня прайшлі раённыя «Зажынкі». Гасцей ва ўрочышчы Убоіна прымала КУСГП «Ульскі».

Ля палеткаў са спелым жытам, якое хілілася долу, сабраліся кіраўніцтва раёна, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кіраўнікі сельгасарганізацый, механізатары, артысты раённага цэнтра культуры.

Адкрыў свята старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. «Здаўна “Зажынкі” былі адным з галоўных святаў для сельскіх працаўнікоў, – адзначыў Сяргей Аляксандравіч. – Вяскоўцы рыхтавалі склады, сушылкі, апраналі белае адзенне. Не страціла гэта свята актуальнасці і ў нашы дні.

Сёлета ў раёне трэба ўбраць 9,5 тысячы гектараў зерневых, будуць працаваць 32 экіпажы камбайнераў. А ўвогуле на жніве будзе задзейнічана больш як 200 чалавек. Хочацца пажадаць, каб усё было ўбрана якасна і ў тэрмін, каб ніводнае зернейка не прапала, каб як мага менш было паломак. Усім здароўя і поспехаў!».

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч пажадаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў правільных і мудрых рашэнняў, механізатарам – добрага надвор’я і вытрымкі, бо наперадзе сур’ёзная работа: змалаціць зерне, якое па праве называюць золатам беларускай зямлі.

Да шчырых пажаданняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна нагадала пра важнасць захавання тэхнікі бяспекі, бо самае каштоўнае — гэта жыццё і здароўе чалавека.

Зажаць першы сноп разам са спецыялістамі сельскай гаспадаркі запрасілі Сяргея Галынчыка. Сноп уручылі гаспадару палеткаў намесніку дырэктара КУСГП «Ульскі» Уладзіміру Касцюкову. Ён тры разы падкінуў сноп угору – на жніво без страт, каб тэхніка не псавалася, каб бог даў здароўе ўсім удзельнікам уборачнай.

Малітву на добрую работу прачытаў настаяцель Храма прападобнага Ануфрыя Вялікага Уладзімір Пучынскі.

Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК кіраўніцтва раёна, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў і механізатары атрымалі ў падарунак караваі. А кіраўнікам гаспадарак уручылі яшчэ і снапы, як сімвал багатага ўраджаю.

З добрым настроем пад вясёлыя песні народнага вакальнага ансамбля «Гарэзнікі» Обальскай дзіцячай школы мастацтваў механізатары накіраваліся да камбайнаў. У добры шлях, хлебаробы!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *