Рапс пайшоў!
Паралельна з уборкай зерневых у раёне прыступілі да абмалоту азімага рапсу, якога сёлета засеяна 630 гектараў.
Усераду, 10 ліпеня, мы пабывалі на палетках СУП «Лаўжанскае» каля вёскі Сахоненкі, дзе сустрэліся са старшынёй райвыканкама Сяргеем Галынчыкам. Ён кантраляваў ход уборкі, цікавіўся ў механізатараў умовамі рабо-ты, тэхналогіяй уборкі рапсу, матэрыяльным заахвочваннем.
«Гляджу на радок, які кладзецца за камбайнам і адразу вызначаю якасць уборкі, – кажа Мікалай Карнілаў, якія на ўборачнай больш за трыццаць гадоў. – Мае значэнне настройка камбайна». З ім згодны і калега Алег Барысевіч. Настрой у механізатараў баявы. «Бачна, што вы нацэлены на дастойны вынік, умення і ўпартасці ў дасягненні мэты вам не займаць, – адзначыў кіраўнік раёна. – Дзякуй вам за работу!».
Мікалай Карнілаў запрасіў карэспандэнта раёнкі і старшыню райвыканкама “зрабіць круг на камбайне”. КЗС няхутка рухаецца па карычневым полі спела-га рапсу, жняярка плаўна падхоплівае стручкі з насеннем, якое абмалочваецца і сыплецца ў бункер. Насенне бліскучае, чорнае – не дарэмна яго называюць чорным золатам. Рапс – культура капрызная, але калі ўрадзіла, то выгада відавочная, сцвярджаюць механізатары.
У СУП «Лаўжанскае» засеяна 55 гектараў азімага рапсу. У дзень нашага прыезду мясцовыя механізатары ўбралі 24 гектары.
Ларыса ЗАЙЦАВА.