65-й раз прошла на Кургане Дружбы встреча народов соседей

80 лет освобождения Беларуси Новости Общество

65-я сустрэча на Кургане Дружбы. Час няўмольны, памяць – вечная.

На вялікі жаль, гады забіраюць ад нас сведкаў той страшнай далёкай вайны, і сёння святочныя ўрачыстыя мерапрыемствы мы праводзім без іх… Тым не менш, чалавечая памяць не мае межаў і тэрміну даўнасці, і гэта дае магчымасць подзвігам нашых дзядоў і бацькоў жыць вечна і быць нам, нашчадкам, бясконца ўдзячнымі за тое, што яны падарылі нам шчаслівае мірнае жыццё.

У 65-ты раз дэлегацыі Беларусі і Расіі прыехалі на месца першай сустрэчы былых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў на Кургане Дружбы, які быў насыпаны на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі, каб аддаць даніну памяці подзвігу савецкага народа. Да нядаўняга часу тут збіраліся прадстаўнікі трох краін, разам спявалі славутую «Кацюшу». У 2022 годзе латвійскія ўлады разбурылі частку мемарыяла і знішчылі мост, які злучаў тэрыторыі краін, а цяпер прыбалтыйская суседка аддзялілася і вялікай металічнай агароджай з калючым дротам, за якім яшчэ можна разгледзець маўклівы дуб з зарослым курганам. Балюча да слёз…

Прадстаўнікі ўлады Віцебскай і Пскоўскай абласцей, моладзь, ветэраны, жыхары прыгранічных рэгіёнаў, вайскоўцы, дэлегацыі раёнаў і гарадоў Віцебскай і Пскоўскай абласцей, у тым ліку і Шумілінскага раёна, сталі ўдзельнікамі мітынгу-рэквіема, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых салдат і ўсклалі кветкі да помніка камсамольцам-падпольшчыкам беларускай вёскі Прошкі, дзейнасць якіх у гады вайны стала прыкладам мужнасці, стойкасці і адвагі.

Пасля сумеснага выканання легендарнай «Кацюшы» мерапрыемства перамясцілася на расійскі бок да помніка партызанскай сувязной і разведчыцы, ураджэнкі Себежскага раёна Марыі Пынто, якую ў маі 1944 года па-зверску закатавалі фашысты. Сюды таксама ляглі кветкі. У цырымоніі ўскладання кветак да помнікаў прыняў удзел і старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.

Каля капліцы Сергія Раданежскага прайшла памінальная ліція па загінуўшых ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля ўдзельнікаў сустрэчы чакаў святочны канцэрт, у якім, да слова, прыняла ўдзел і наша зямлячка Юлія Якуценка. Таксама працавалі інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі, разнастайныя выставы і выязны гандаль.

«Курган Дружбы збірае сапраўдных сяброў. Нягледзячы на тое, што Еўропа выбрала свой шлях і выбудавала «жалезную заслону», беларусы і расіяне працягваюць сустракацца тут. Смею запэўніць, мы гатовыя і мост аднавіць, і сябраваць, і мець зносіны, і хадзіць адзін да аднаго ў госці, – адзначыў на сустрэчы старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, дадаўшы, што асабіста для яго Курган з’яўляецца месцам сілы, памяці і смутку.

Кіраўнік вобласці дадаў, што грэе душу той факт, што да мерапрыемства далучаецца ўсё больш моладзі, і прыйшоў час перайменаваць яго ў сустрэчу нашчадкаў Вялікай Перамогі, уключыўшы новыя пасылы. Хочацца, каб моладзь працягвала традыцыі сваіх дзядоў і прадзедаў, каб працягвала сябраваць, заўважыў ён.

Першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Емяльянава пацвердзіла, што гэтая прапанова будзе абмеркавана. «Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе ў нашага сумеснага мерапрыемства з’явяцца новыя слоганы, новыя прыгожыя ідэі і нашы сустрэчы стануць яшчэ больш актыўнымі, масавымі і цёплымі», – сказала яна.

Делегация Шумилинского района на встрече на Кургане Дружбы.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *