Криминал. Происшествия

Происшествия

Нясун
Ад адміністрацыі  СТАА “ІСКПошук”  паступіла паведамленне ў РАУС: невядомыя злачынцы з памяшкання для заточкі піл, якое размешчана на тэрыторыі прадпрыемства, укралі дзве электрапілы. Іх агульны кошт ацэнены на 1,3 мільёна рублёў. Міліцыянерамі Дэпартамента аховы сумесна з супрацоўнікамі аддзялення крымінальнага вышуку РАУС устаноўлена, што крадзеж здзейсніў рабочы гэтага ж прадпрыемства, супраць якога ўзбуджана крымінальная справа. Украдзенае канфіскавана і вернута прадпрыемству.
Шліфмашынка
Пацярпеў жыхар Добрына: з яго дома прапала шліфавальная машынка. Урон, нанесены гаспадару, складае больш за 600 тысяч рублёў. Злачынца знойдзены: чужую шліфавальную машынку прыбраў да рук раней судзімы за крадзеж, непрацуючы ўраджэнец г. Століна. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Бязлітаснаць
Работнікі цэнтральнай раённай бальніцы паведамілі ў міліцыю, што брыгада хуткай дапамогі даставіла з в. Лоўша жанчыну з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі: закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, шматлікімі сінякамі  на целе. Высветлена, што цялесныя пашкоджанні жанчыне нанёс яе былы муж, якія пражывае ў Обалі. Падрабязнасці здарэння высвятляюцца.
Будматэрыялы
Двое мужчын без вызначанага месца жыхарства прабраліся ў дом жыхара Обалі і ўкралі будаўнічыя матэрыялы. Агульны кошт украдзенага ацэнены на 300 тысяч рублёў. Укра-дзенае канфіскавана, супраць мужчын узбуджана крымінальная справа. Дарэчы, ужо не першая ў жыцці абодвух.
“Абчысціў”
У міліцыю звярнуўся жыхар Шуміліна і паведаміў, што пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў са знаёмымі на выгляд людзьмі ў яго з кватэры прапала 82 тысячы рублёў, залаты пярсцёнак і сярэбраны ланцужок. Агульны ўрон складае 2,8 мільёна рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
П’яныя за рулём
Жыхар Шуміліна ў стане алкагольнага ап’янення сеў за руль К-701, які належыць УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі. Парушальніку пагражае штраф памерам у два мільёны рублёў і тры гады пазбаўлення вадзіцельскіх правоў.
*  *  *
Жыхар райцэнтра, не маючы правоў кіравання, набыў ВАЗ-2101. Вядома, вырашыў пакатацца на купленай машыне хаця б па Шуміліне. З-за ўласнай няўважлівасці на заправачнай станцыі мужчына сарваў заправачны пісталет з калонкі.
Парушальнік затрыманы супрацоўнікамі ДАІ, на яго складзены тры адміністрацыйныя пратаколы. Цяпер вадзіцелю без правоў пагражае штраф памерам да 3,5 базавых велічынь.
Статыстыка
Сёлета работнікамі дзяржаўтаінспекцыі зарэгістравана 2671 парушэнне Правілаў дарожнага руху. Хуткасны рэжым парушылі 1113 вадзіцеляў, усе яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала да друку Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №60 ад 31.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *