Міліцэйская сям’я Трафімавых
Надзейны тыл, падтрымка і апора супрацоўніка міліцыі – яго сям’я, куды вяртаюцца пасля сутачных дзяжурстваў і камандзіровак. А калі абодва, муж і жонка, працуюць у РАУС, то хто падставіць плячо і дзе шукаць падтрымку? Гэта мы спыталі ў маладой міліцэйскай сям’і – Паўла і Дар’і Трафімавых.
Павел вучыўся ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў па накіраванні ад Шумілінскага РАУС, сюды ж сем гадоў таму вярнуўся працаваць. Быў участковым інспектарам Лаўжанскага і Мікалаеўскага сельсаветаў, два гады таму яго прызначылі начальнікам аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.
Калі Дар’я закончыла другі курс Полацкага ўніверсітэта, выйшла замуж за Паўла. Ён на той момант быў ужо вопытным супрацоўнікам РАУС і дапамагаў жонцы ў вучобе. Сам закончыў акадэмію з дыпломам з адзнакай, такі ж дыплом мае і Дар’я, якая вось ужо два гады працуе старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх.
«Мы і сябры, і калегі, і сям’я! – кажа Дар’я. – Міліцэйская работа не з лёгкіх, і яе разумее толькі той, хто тут працуе. Мы ніколі не будзем бурчэць адзін на аднаго з-за затрымак у аддзеле. Наадварот, прыйдзем на дапамогу. Калі я не паспяваю справіцца з папяровай работай, Павел застаецца і дапамагае мне. І наадварот. Мы ніколі не ідзём дадому у адзіночку, толькі заўсёды разам. Жывем асобна ад бацькоў у арэнднай кватэры, таму нас няма каму папракаць, што не звараны суп ці не падсмажана бульба – і гэта робім разам. У вольны час займаемся спортам, любім бегаць. Нядаўна муж і бацькі на прафесійнае свята падарылі мне веласіпед, так што вячэрнія прагулкі забяспечаны».
Паўлу даспадобы дакладнасць у рабоце: сказаў – зрабіў! Дар’я свята верыць, што робіць адну з важных спраў на зямлі: праводзіць прафілактыку дзіцячай злачыннасці. Яна пераканана, што ўсе дзеці добрыя, толькі некаторым трэба дапамагчы разабрацца, што можна рабіць, а што нельга. Здараецца, што падчас святаў муж і жонка дзяжураць разам. Апошнія два гады запар у вёсках раёна разам слухалі бой курантаў на Новы год.
Дар’я – старшы лейтэнант міліцыі, Павел нядаўна атрымаў званне маёра. Трафімавы запэўнілі, што з боку старшага па званні аддаваць дома загады не прынята. Наадварот, Павел стараецца ўзяць цяжкую работу на сябе.
А яшчэ Трафімавы вылучаюцца сваёй актыўнасцю і жаданнем удасканальвацца, і таму ў іх ужо шмат перамог у розных конкурсах. Павел тройчы займаў прызавыя месцы ў вобласці, адзін раз атрымаў званне лепшага ўчастковага інспектара рэспублікі (заваяваў для РАУС аўтамабіль УАЗ і камп’ютарную тэхніку). Даша таксама неаднойчы займала прызавыя месцы ў аглядзе-конкурсе на званне лепшых інспектараў інспекцыі па справах непаўналетніх. А сёлета ў складзе каманды ад Віцебскага УУС удзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе, дзе занялі першае месца. Так што Трафімавых з Шуміліна ведаюць не толькі на Віцебшчыне, але і ў рэспубліцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.