Не чапайце вожыка
Маленькі калючы камячок выкаціўся грыбнікам прама пад ногі. “Забяром дамоў, няхай дзеці парадуюцца”, – прапанаваў адзін з наведвальнікаў лесу.
Прыжыўся лясны госць адразу: папіў малака, патупаў па хаце, а потым залез пад анучу і прымоўк. Здаецца, чаго не трымаць у гадаванцах такога сімпатычнага звярка? На жаль, усведамленне таго, што вожык – жывёла зусім не для жыцця ў доме – прыходзіць не адразу.
Самае важнае крыецца ў вобразе жыцця калючага сябра. Вожык начны звярок. Палюе на мышэй, яшчарак, змей па начах. Ноччу ён добра бачыць і, знаходзячыся ў сваёй стыхіі, хутка вучыцца ўсяму неабходнаму для выжывання. Галоўнае, паступова асвойвае тэрыторыю свайго пражывання, адшуквае нару для зімоўкі. А тут “добры” чалавек забірае яго з гэтай тэрыторыі, ды яшчэ пераводзіць на дзённы рэжым харчавання.
А ўрэшце, рана ці позна гаспадарам становіцца не па сілах цярпець начныя прагулкі з характэрнымі гукамі тупання, прыбіраць адыходы стрававання жывёлы з вельмі спецыфічным непрыемным пахам. Да таго ж, вожыкі схільныя забірацца ў самыя нечаканыя месцы, адкуль не заўжды ўдаецца іх дастаць жывымі (сантэхніка, абсталяванне са шчылінамі). Калючы жыхар не ўмее рэальна ацэньваць небяспечнасць вышыні і, калі на балконе ёсць нават маленькая шчыліна, рана ці позна вылезе.
І вось гаспадару трэба зноў вяртаць звярка ў родную стыхію, і добра, калі гэта яшчэ разгар лета і вожык паспее асвоіць новую тэрыторыю, знайсці сабе падыходзячае для зімоўкі месца. Калі часу мала, ён, хутчэй за ўсё, загіне.
Як бы вам ні хацелася ўзяць у сябры ляснога звярка, не рабіце гэтага, пакіньце вожыка жыць там, дзе яму добра…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №59 ад 27.07.2012 г.