Ивестиционный проект по модернизации Обольского керамического завода вступил в завершающий этап

2024 - Год качества Экономика

На Обальскім керамічным заводзе на завяршаючы этап выйшла рэканструкцыя ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці новых відаў прадукцыі з укараненнем тэхналогіі і абсталявання абпалу з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва». Праект рэалізуецца з прыцягненнем сродкаў інавацыйнага фонду Віцебскага аблвыканкама, Беларускага інавацыйнага фонду, Шумілінскага райвыканкама і ўласных сродкаў прадпрыемства.

–  Праект – інвестыцыйны, інавацыйны, імпартазамяшчальны, экспартаарыентаваны і, нарэшце, сацыяльна значны, – адзначае дырэктар Обальскага керамічнага завода Сяргей Ляўшоў. – Яго рэалізацыя забяспечыць надзейны падмурак для стабільнай работы завода. Мы не толькі пашырым асартымент прадукцыі, а і часткова адмовімся ад залежнасці газу. А гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць знізіць сабекошт цэглы і захаваць свае пазіцыі як на беларускім, так і на замежным рынку бу-даўнічых матэрыялаў.

–  Рэканструкцыю пачалі рабіць у 2019 годзе, – расказвае галоўны інжынер ОКЗ Сяргей Кучаравы. – Фактычна будавалася новая вытворчасць, работы вяліся і ў самым «сэрцы» цаглянай вытворчасці – тунэльнай печцы, таму быў спынены выпуск цэглы. Будаўнічыя работы вяліся ўласнымі сіламі і падраднымі арганізацыямі.

Практычна з пачатку рэканструкцыі было закуплена сучаснае абсталяванне грэчаскай фірмы «SABO», якое пачалі ўстанаўліваць пасля завяршэння будаўнічых работ. Мантаж абсталявання робіцца пры непасрэдным удзеле грэчаскіх спецыялістаў.

З лютага на керамічным пачалі збіраць абпальныя ва-ганеткі. Як адзначае Сяргей Кучаравы, спецыфіка гэтых ваганетак у тым, што на металічны каркас кладзецца пу-стацелы камень, які дазволіць утрымліваць тэмпературу абпалу і павысіць якасць цэглы. Са 100 ваганетак на сённяшні дзень абальчане сабралі 90.

Аб’ёмнай была работа і ў электрыкаў: амаль два тыдні падключалі новае абсталяванне да электрасетак. «На новым абсталяванні ўстаноўлена сучасная лазерная сістэма бяспекі, – расказвае Сяргей Мікалаевіч. – Спецы-яльныя датчыкі «ахоўваюць» тэрыторыю, на якую нельга заходзіць людзям. Калі там з’яўляецца чалавек, аўтаматыка імгненна спыняе рух механізмаў».

У гэтым месяцы павінна пачацца «халоднае» тэхнічнае выпрабаванне без уключэння тунэльнай печкі. Гэта адзін з важных момантаў, які пакажа гатоўнасць новага абсталявання да работы. Наступны важны этап – разагрэў печы. «Каля 15 дзён будзем праграваць печку да 700 градусаў Цэльсія (тэмпература абпалу цэглы – 1000 градусаў), – адзначае галоўны інжынер. – Разам з праграваннем будзем падаваць у печку неабпаленую прадукцыю, якую мы захавалі спецы-яльна для гэтага часу, прычым з кожнай новай падачай аб’ёмы цэглы будзем павялічваць»

Выпуск цэглы – энергетычна затратны, што ва ўмовах пастаяннага росту цэн на паліўна-энергетычныя рэсурсы робіць дзейнасць завода маларэнтабельнай. Сяргей Кучаравы падкрэслівае, што печка будзе запускацца на газу. І як толькі яна пачне стабільна працаваць, то па спецыяльнай трубе высокага ціску будзе падавацца пыл з нафтавага коксу. Мяркуецца, што гэта дазволіць замяніць да 30% газу. Дарэчы, аналагаў такой тэхналогіі ў Беларусі няма.

У рамках інвестпраекта адбылася рэканструкцыя тунэльнай печы, устройства аўтаматычнай лініі разгрузкі-ўпакоўкі гатовай цэглы, пабудаваны новы склад цвёрдага паліва і аддзяленне па яго падрыхтоўцы, праведзена аўтаматызацыя тэхналагічнага працэсу выпуску прадукцыі. Зрабілі перапрафіляван-не разгрузачнай рампы, рэканструкцыю сушыльнага аддзялення, аддзялення сар-тавання і падрыхтоўкі гатовай прадукцыі, якая вызваліць работнікаў ад цяжкай ручной працы на сарціроўцы.

На керамічным разлічваюць, што завод запрацуе ў жніўні і выйдзе на запланаваныя 90 тысяч штук цэглы ў суткі. Новай прадукцыяй ужо цікавяцца як беларускія, так і расійскія пакупнікі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *