Поспех дасягаецца стараннем
СУП «Лаўжанскае» – адзіная гаспадарка раёна, якая мае жывёлагадоўчы комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы. Таму і кармоў варта нарыхтаваць больш за ўсіх. Толькі сенажу трэба закласці 15 тысяч тон, а яшчэ – больш за 20 тысяч тон сіласу.
Як вядзецца ў сельгаспрадпры-емстве корманарыхтоўка – гэта высвятляла карэспандэнт раённай газеты падчас чарговага наведвання гаспадаркі. На мінулым тыдні корманарыхтоўка вялася ва ўрочышчы Пушчавыя. Тут ўбіралі цімафееўку, якая сёлета вырасла нядрэнная. На КВК-800 падбіраў валкі і здрабняў траву Пётр Бардзюкоў – на рахунку 2902 тоны зялёнай масы. У дапамогу Пятру Бардзюкову – Уладзімір Мазанкоў на кормаўборачным камбайне «Ягуар», які за дзень падбірае каля 260 тон травы.
Фронт работы для кормаўборачнай тэхнікі забяспечваюць Дзмітрый Арама і Віталь Чарткоў, якія працуюць на трактарах з касілкамі. Яўген Бяляцкі і Андрэй Аўсянкін зграбаюць траву ў валкі. «Спраўляемся сваімі сіламі, – кажа дырэктар СУП “Лаўжанскае” Мікалай Какушкін. – Дапамогі чакаць не прыходзіцца, бо Віцебскі мясакамбінат, да інтэграцыйнай структуры якога адносіцца наша гаспадарка, размеркаваў тэхніку па іншых сельгаспрадпрыемствах. Асноўная нагрузка – на КВК і “Ягуар”. Механізатары працуюць вопытныя, надзейныя. Галоўнае, каб тэхніка не псавалася. Заклалі адну сянажную траншэю, цяпер возім траву ў траншэю ля фермы Латкова. На адвозцы – Генадзь Смоляр, які з’яўляецца лідарам у раёне па перавозцы зялёнай масы – на ягоным рахунку 1725 тон. На МТЗ з прычэпамі таксама працуюць Дзмітрый Касьянаў, Пётр Палаўкоў, Алег Барысевіч, Кірыл Калдуноў. Хлопцы ўсе стараюцца, бо разумець: каб мець надоі і прывагі, патрэбны якасныя кармы. На час нарыхтоўкі кароў распрацаваны меры матэрыяльнага стымулявання работнікаў – гэта падштурхоўвае, садзейнічае якаснаму і своечасоваму выкананню работ». На раніцу 17 чэрвеня ў СУП «Лаўжанскае» было нарыхтавана 3637 тон сенажу (24% да плана).
Ларыса ЗАЙЦАВА.