Свята самай гуманнай прафесіі
11 чэрвеня ў раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў.
Павіншаваць шумілінскіх медыкаў і ўручыць заслужаныя ўзнагароды прыйшлі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзімір Плыткевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава.
«Кіраўнік дзяржавы паставіў перад галіной аховы здароўя адказную задачу: гранічна нівеліраваць адрозненне паміж аховай здароўя на сяле і ў горадзе, забяспечыць годны ўзровень аказання медыцынскай дапамогі жыхарам самых аддаленых вёсак.
Сумеснымі намаганнямі медыцынскіх работнікаў і мясцовымі органамі ўлады многае зроблена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага складу шумілінскай раённай сістэмы аховы здароўя, паляпшэнню ўмоў лячэння пацыентаў і работы персаналу. І хаця гэтая работа працягваецца, але вынікі ўжо дасягнуты істотныя, іх адзначаюць нашы пацыенты, – сказаў Міхаіл Вішнявецкі, звяртаючыся да медыкаў Шуміліншчыны. – Год, які прайшоў пад знакам выканання даручэння Прэзідэнта, даў свае плады: заўважна падняўся ўзровень аказання медыцынскай дапамогі, у Шумілінскім раёне адрамантаваныя ўсе ФАПы, запрацаваў мабільны медыцынскі комплекс, абнавіўся бальнічны аўтапарк, установа папоўнілася маладымі спецыялістамі. Работа па мадэрнізацыі ўстаноў аховы здароўя ў раёне будзе працягвацца. Усе гэтыя дасягненні сталі магчымыя дзякуючы вашым прафесійным ведам, кампетэнтнасці, настойлівасці, цярпенню і душэўнай чуласці».
Кіраўнік медыцынскай галіны вобласці павіншаваў калег з прафесійным святам і выказаў добрыя пажаданні. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама адзначаны ўрач-тэрапеўт паліклінікі ЦРБ Аляксандра Пальвінская, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Ганна Мароз, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Обальскай бальніцы сястрынскага догляду з амбулаторыяй Вольга Аўдошкіна.
Да віншаванняў і ўзнагароджанняў далучыўся кіраўнік раёна Сяргей Галынчык: «Вашу працу пераацаніць немагчыма. Вы дапамагаеце людзям жыць, выратоўваеце чалавечыя жыцці. Медыцына сёння выходзіць на новы ўзровень, удасканальваецца, становіцца лепш. Я жадаю вам моцнага здароўя, сіл, поспехаў, душэўнай раўнавагі і новых перамог».
Падзяка старшыні райвыканкама была ўручана старшай медыцынскай сястры паліклінікі Але Барковай і медыцынскай сястры ўчастковай дзіцячай кансультацыі Наталлі Бурлаковай.
Уладзімір Плыткевіч узнагародзіў Ганаровай граматай абласнога прафсаюза старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Шумілінскай ЦРБ Зінаіду Сцержанкову. Падзяка старшыні Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя аб’яўлена рэнтгеналабаранту Аляксандру Барадзіну і медстатыстыку бальніцы Кацярыне Івановай.
Наталля Хамаганава ўручыла падзяку прэзідыума Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў бухгалтару ЦРБ Ганне Цвятковай.
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч падзякавала работнікам за добрасумленную працу, прафесіяналізм і ўручыла Ганаровыя граматы загадчыку фізіятэрапеўтычнага аддзялення Таццяне Цімошчанка, рэнтгеналабаранту Сяргею Глазунову, медыцынскай сястры хірургічнага кабінета паліклінікі Ірыне Райчонак і медыцынскай сястры Обальскай бальніцы сястрынскага догляду Алене Мураўёвай. Падзяка галоўнага ўрача была аб’яўлена фельчару-лабаранту клініка-дыягнастычнай лабараторыі Алене Лысанавай, санітарцы тэрапеўтычнага аддзялення Таццяне Бараноўскай, медыцынскай сястры Мікалаеўскай бальніцы сястрынскага догляду Жанне Язёнак і повару гэтай бальніцы Веры Жук.
Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў медыцынскай галіны раёна, чые вопытнасць і адданасць справе дапамагюць захаваць традыцыі шумілінскай бальніцы, служаць прыкладам для моладзі. Ветэранам уручылі памятныя падарункі.
Артысты раённага цэнтра культуры падрыхтавалі для медыкаў музычныя віншаванні, са сцэны папулярныя і любімыя песні, гучалі цёплыя словы ўдзячнасці прадстаўнікам самай гуманнай прафесіі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.