«Ну вельмі хацелася яшчэ выпіць»
У той дзень у 40-гадовай Алены (імёны зменены па этычных меркаваннях), якая нідзе не працуе, было ўсё як звычайна: знайсці кампанію, у якой распіваюць спіртное. Праўда, 12-гадзінныя «прыгоды» для яе закончыліся ўзбуджэннем крымінальнай справы, а за здзейсненае злачынства можа пазбавіцца волі тэрмінам да чатырох год
Прыкладна а 10 гадзіне вырашыла схадзіць у госці да 70-гадовага Ігара. І не прагадала: учора ён атрымаў пенсію. Вось так зранку і пачалі піць Ігар і Алена. Адна бутэлька, другая, трэцяя… Часам заходзілі малазнаёмыя людзі, якія далучаліся да кампаніі. Але Ігар не змог піць на роўных з больш маладымі сабутэльнікам і заснуў. «Як мужчына заснуў, Алена дапіла спіртное, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аксана Аглушэвіч. – Нядоўга думаючы, залезла ў кішэню Ігара, узяла банкаўскую картку і мабільны тэлефон».
Са скрадзенымі банкаўскай картай і мабільнікам Алена пайшла гуляць па мястэчку. У адзін магазін зайшла, у другі –то спіртное купіць, то закуску. Амаль сто рублёў патраціла. Праўда, піць у адзіноце жанчына не любіла, таму і пайшла да знаёмага. Дзмітрый, пабачыўшы
пакет са спіртным і закускай, пачаў збіраць кампанію, каб весела і шумна правесці вечар. Але…
Пасля работы да Ігара зайшоў пляменнік. Разбудзіў дзядзьку, пачаў пытацца, чаму не падымае тэлефон. Даволі хутка высветлілася, што няма не толькі тэлефона, а і банкаўскай карткі. Пляменнік адразу павёў Ігара ў міліцыю, дзе была пададзена заява аб знікненні рэчаў.
Віноўніца была вылічана амаль адразу. Праўда, прыйшлося трохі пашукаць – занадта багата ў яе сумнеўных кампаній было. Прыкладна ў 10 гадзін вечара ў госці да Дзмітрыя прыехалі супрацоўнікі міліцыі.
«Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа, – расказвае Аксана Аглушэвіч. – Алена сваю віну не адмаўляе. На пытанне “Чаму ўзяла картку?”, спакойна адказвае, што «ну вельмі хаце-лася яшчэ выпіць», а мабільны тэлефон проста пад руку трапіўся».
На дадзены момант высвятляюцца нюансы злачынства, праводзяцца неабходныя працэсуальныя дзеянні. Алена цалкам супрацоўнічае са следствам.
Алесь САКАЛОЎ.