Дзень работы з насельніцтвам: Светласельскі сельсавет. Тугі вузел праблем, які трэба рассекчы
Здавалася б, калі стала сістэмай правядзенне дзён насельніцтва (гэта групы райвыканкама па сутнасці заходзяць у кожны дом, кватэру, пытаюць людзей аб праблемах), пытанняў павін-на быць усё менш і менш. Як ні парадаксальна, яны нараджаюцца, “вылузваюцца”, нібы каменне на ворыве. Гэтую яву жыцця, няхай не вельмі прыемную, лішні раз пацвердзіў у сваім кароткім уступным слове на падвядзенні вынікаў аб’езду тэрыторыі сельсавета старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў. Сем месяцаў назад, у папярэдні аб’езд, было занатавана 63 звароты, сёлета – на 10 больш. Пераважна пытанні, якія не патрабуюць фінансавых выдаткаў, 24 звароты “завязаны” на праблемах, якія трэба дасканала вывучыць, амаль палова ўсіх пытанняў датычылася сферы ЖКГ.
Вось такая статыстыка. Далей В. В. Шчарбакоў спыніўся на характары зваротаў (якасць вады, жылыя шматкватэрныя дамы па вул. Цэнтральная і вада па вул. Калгасная ў Язвіне), на прынцыпах, па якіх трэба вызначаць ступень удзелу падшэфных арганізацый у дапамозе сялу. Былі пытанні да старшыні: наколькі часта карыстаюцца ў сельсавеце беспрацоўнымі Цэнтра занятасці. Адказ: працавалі тры чалавекі, якіх забяспечвалі работай, за што плацілі не менш як мільён рублёў у месяц. Хаця ўсё ж мясцовы бюджэт не безразмерны, сродкі трэба эканоміць, а значыць, разлічваць больш на валанцёрскую ці бясплатную дапамогу.
Адзначым: перад тым, як сабрацца на выніковае пасяджэнне, прадстаўнічая дэлегацыя аб’ехала вытворча-сацыяльныя аб’екты, што на тэрыторыі сельсавета.
Пасля візуальнага агляду сельскага клуба і гімназіі ў Лескавічах, жывёлагадоўчага комплексу, іншых аб’ектаў спыніліся побач з МТФ у Язвіне, якая на рэканструкцыі. Прараб ПМК-70 В. А. Новікаў правёў дэлегацыю на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама В. В. Родзічам па аб’екце. Акцэнтаваў увагу на тэхналагічных аспектах рэканструкцыі, абяцаў здаць ферму да пачатку стойлавага перыяду. Дарэчы, на ферме падручнымі рабочымі працавалі і двое вучняў Язвінскай базавай школы. Заехалі ў Язвінскую школу. Дырэктар установы І. Р. Кажанеўская правяла дэлегацыю па класах, паказала прышкольны ўчастак. Ён дагледжаны, тэрыторыя мае прыстойны выгляд.
Падвядзенне вынікаў падворнага абходу, прыёму і аб’езду сацыяльных аб’ектаў праводзіў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага штаба па добраўпарадкаванні А. П. Быкаў. Кіраўнікі груп дакладвалі пра тыя звароты, якія паступілі ад вяскоўцаў тут жа, у час дакладаў, вырашалася, колькі часу трэба для рашэння праблемы. Калі па башнёўска-полцеўскай зоне “глабальных” праблем не ўзнікла (хіба адна, якая датычылася прадастаўлення новага жылля адзінокай жанчыне – маці траіх дзяцей), тут прагучала просьба за аплату (заўважым, не бясплатна!) ачысціць калодзеж (праблему рашыць узяўся дырэктар КБА В. П. Бабічаў), а таксама неўразуменне тым, што паўмесяца маўчаць тэлефоны, якія былі падключаны з 2009 года праз тэрміналы. Дарэчы, гэта – праблема па ўсім раёне, такіх абанентаў у нас 624. Вось такая армія людзей жыве з 1 чэрвеня чаканнем новай сервіс-паслугі ад Белтэлекама. Ці то прыйдзе класічны, кабельны тэлефон, ці прыдумаюць новую форму сувязі для глыбінных вёсак – час пакажа. Тэлефоннае “маўчанне” працягнецца да канца жніўня (усім абанентам разаслалі паведамленні аб такой тэлефоннай “яме”).
Па вёсцы Лескавічы ў каторы раз узнялі праблему змены графіка руху рэйсавага аўтобуса Шуміліна-Дубраўскае. У рабочыя дні графік людзей задавальняе, бо той, хто хоча трапіць на ранішні дызель у Шуміліна, паспявае на яго, а вось у суботу не паспееш, у нядзелю наогул ранішні рэйс знялі. “Трэба вярнуць ранейшы варыянт, – кажа А. П. Быкаў. – Сёння, калі гімназістаў падвозіць школьны аўтобус, праблемы з аўтобусамі ў выхадныя не бачу”.
Гаворку паступова перавялі на язвінскія балячкі. Дакладней, не балячкі, а той даўні боль, які смыліць і які можа перарасці ў шокавы боль, калі людзі пачнуць звяртацца за дапамогай у вышэйшыя інстанцыі. Каб такога не дапусціць, А. П. Быкаў прыняў рашэнне наладзіць сустрэчу жыхароў вуліцы Цэнтральнай у Язвіне, тым больш, што аб гэтым прасілі самі жыхары (шматпавярховыя дамы ўздоўж трасы) з кіраўніцтвам УП ЖКГ. Ён сам прыме ўдзел у сустрэчы. “Людзі там вельмі цярплівыя, – зазначыў Алег Пятровіч. – Мы знойдзем і сродкі, і спецыялістаў, каб пазбавіць людзей ад пакут і няўтульнасці. Сітуацыя можа вырасці, вобразна кажучы, у міну замаруджанага дзеяння”.
Пачынаць трэба з дахаў, перакананы дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро. Вядома, з дахаў, не забываючы і пра падвалы, і пра хлам, пра гнілыя вокны і многае іншае, што робіць жыццё людзей, мякка кажучы, дыскамфортным. Вялі гаворку і па вуліцы Калгаснай у Язвіне. Дарэчы, раённая газета змясціла публікацыю пасля размовы з жыхарамі вуліцы, таму на пасяджэнні даваліся даручэнні. Адно з самых важкіх і глабальных – вада, якая цячэ суткамі ў няспраўных калонках.
Гаварылася і аб парадку ў аграгарадку Башні (першы аграгарадок ў раёне, яму сем гадоў) – зарос травой і быльнікам, тут пахілыя і непрыглядныя парканы, якія ўсе тыя ж сем гадоў не бачылі фарбы, пра тое, што і самі вяскоўцы, а не толькі ўлады, павінны дбаць пра імідж свайго роднага краю.
Напрыканцы выніковага пасяджэння старшыні сельвыканкамаў дакладвалі аб праблемах, якія “завіснулі” і якія трэба рашыць у бліжэйшы час. Па агучаных праблемах прыняты канкрэтныя меры, вызначаны выканаўцы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №57 ад 20.07.2012 г.