І сталі педагогі турыстамі
Сёлета аддзел па адукацыі райвыканкама вырашыў аднавіць добрую традыцыю, калі пасля заканчэння вучэбнага года педагагічныя работнікі сустракаюцца на турзлёце: 4-5 чэрвеня
ў Лескавічах прайшоў турысцкі злёт педагагічных работнікаў, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 105-годдзю органаў дзяржаўнага
кіравання сістэмай адукацыі Беларусі. За перамогу змагаліся 6 каманд. Асобныя каманды выставілі шумілінскія СШ № 1 і СШ № 2, Обальская СШ і Кардонская СШ, работнікі Амбросавіцкай і Слабадской базавых школ стварылі каманду «АС», яшчэ адна зборная каманда аб’яднала Мікіціхінскую, Башнёўскую і Мішневіцкую школы.
Дзень першы
– Сёння вы памянялі свае строгія дзелавыя касцюмы на спартыўную форму, дома пакінулі вучнёўскія сшыткі, планы-канспекты і метадычныя распрацоўкі, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. – Турзлёт – гэта нефармальная атмасфера, у якой вы з іншага боку пазнаеце сваіх калег ну і, зразумела, прадэманструеце, што
вы можаце многае.
Палаткі ўстаноўлены, вогнішча гарыць, ежа гатуецца – каманды рвуцца ў бой. Адзначым, што большасць каманд узначальвалі дырэктары школ (Таццяна Бабарэка, Валянціна Скірман, Аляксандр Сачыўка і Вольга Далецкая), якія актыўна ўдзельнічалі ў многіх стартах.
І вось ён – першы старт. Кантроль-на-турысцкі маршрут. Адны каманды зрабілі стаўку на вопыт (удзельнічалі педагогі-турысты, якім значна больш за 50 год), другія – на моладзь, трэція – на сімбіёз вопыту і моладзі. Але не прагадаў ніхто: і вузлы былі правільна завязаны, спуск і ўздым па схіле пройдзены, і бервяно пераадолена, і палатка пастаўлена на хуткасць. Лепшы вынік паказала каманда «АС», другой стала зборная Мікіціхінскай, Башнёўскай і Мішневіцкай школ, трэцяй – Обальская СШ.
Вынікі першага этапа толькі распалілі азарткаманд: як утрымаць лідзіруючыя пазіцыі, як ліквідаваць адставанне. Менавіта тут яшчэ больш і праявіўся камандны дух – разам да перамогі. У веласіпеднай эстафеце зноў перамога ў «АС», а трэцяе месца ў Обальскай СШ. Праўда, пра свае амбіцыі заявіла Шумілінская СШ № 1, якая ў эстафеце стала другой.
Вечара першага дня турзлёту чакалі многія: конкурсы прадстаўлення каманд і патрыятычнай песні павінны былі стаць не толькі яркім відовішчам, а і ўнесці сур’ёзныя змены ў турнірную табліцу.
Канцэртная праграма атрымалася сапраўды яркай, цікавай і патрыятычнай. Дарэчы, фрагменты выступлення можна паглядзець на афіцыйных старонках «Герой працы» ў сацыяльных сетках і месенджарах. У прадстаўленні каманд першае месца было аддадзена СШ № 1, другое – СШ № 2, трэцяе – Обальскай СШ. Патрыятычную песню лепш за ўсіх выканалі турысты Обальскай СШ, дапоўнілі тройку СШ № 1 і Кардонская СШ.
Першы дзень закончыўся ўзнагароджаннем: Аксана Талстая ўручыла дыпломы пераможцам і прызёрам чатырох этапаў і пажадала, каб другі дзень стаў не менш яркім і пазітыўным.
Дзень другі
У гэты дзень прайшлі фігурнае ваджэнне веласіпеда (першае месца ў СШ № 1), конкурс краязнаўцаў «Старонкі гісторыі» (першае месца ў «АС»), а таксама падведзены вынікі конкурсу турысцкіх навыкаў і быту (першае месца ў «АС»).
Па выніках усіх этапаў перамагла ў турзлёце каманда Шумілінскай СШ № 1, якая на адзін (!) бал апярэдзіла «АС», трэцяй стала Обальская СШ. Дыпломы і каштоўныя падарункі ўручыла камандам старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка.
Слова – пераможцам
Вольга Далецкая, дырэктар Шумілінскай СШ № 1: Турзлёт падарыў безліч станоўчых эмоцый. Такія мерапрыемствы вельмі згуртоўваюць калектывы. Да турзлёту рыхтаваліся сур’ёзна і прадумана. Безумоўна, радуе, што мы паказалі сябе з найлепшага боку і ва ўпартай барацьбе выйгралі турзлёт. Першая школа – першая.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.