Кіпіць работа на траншэях
Май цешыў цёплым надвор’ем, і ва ўсіх гаспадарках раёна прыступілі да нарыхтоўкі сена. А нядаўна пачалі закладваць сянажныя траншэі.
За гэтай работай каля фермы Маркава мы заспелі механізатараў ААТ «Прыазёрны мір». Сяргей Ціманоўскі і Ігар Літвін прывозілі да траншэі зялёную здробненую масу, а Сяргей СЯНЬКОЎ (на здымку)яе трамбаваў на «Ам-кадоры». «На трамбоўцы працую другі год, – расказаў Сяргей Сянькоў. – Спачатку каўшом раўняю прывезеную зялёнку (за дзень яе прывозяць больш за сто тон), потым ушчыльняю шырокімі коламі “Амкадора”. Я трамбую днём, а вечарам мяне падмяняе Віталь Антонаў на “Кіраўцы” – сянаж павінен быць шчыльна спрасаваны, каб добра захоўваўся».
Ля сянажнай траншэі сустракаем намесніка дырэктара сельгаспрадпрыемства па вытворчасці Мікалая Дубіну. «Касавіца вядзецца ва ўрочышчы Куціна. Летась падсеялі 600 гектараў шматгадовых траў, і гэта для гаспадаркі вялікі плюс – канюшына з цімафееўкай выраслі нядрэнныя. Скошаная трава зграбаецца ў валкі, а потым здрабняецца, – расказаў Мікалай Адамавіч. – Працуем па тэхналогіі: бакавіны траншэі заслалі плёнкай, каб корм не прасыпаўся, пад’езды з абодвух бакоў выслалі старым сенам. Паляводы дзеля кансервацыі пасыпаюць зялёнку соллю, якую закупілі ў Салігорску. У траншэю за чатыры дні мяркуем пакласці 800 тон сенажу. Пастаянна вымяраем вільготнасць корму (яна павінна быць 55-60%) і тэмпературу (не вышэй за 37%) – яны адпавядаюць норме».
Усяго ААТ «Прыазёрны мір» трэба нарыхтаваць 7 тысяч тон сенажу. На раніцу 3 чэрвеня ў сянажнай траншэі ляжала 561 тона.
Ларыса ЗАЙЦАВА.