Сувязная партызанскага атрада
У першы дзень чэрвеня ветэрану Вялікай Айчынай вайны Генадзіі Эдуардаўне Лысанавай з Обалі споўнілася 95 гадоў. Павіншаваць былую партызанку з гэтай шаноўнай датай прыехала дэлегацыя на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Русланам Матвейчуком.
Цёплыя словы і падарункі юбіляру ў гэты дзень былі ад раённай ветэранскай арганізацыі, райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённай арганізацыі «Фонд міру», Шумілінскага історыкакраязнаўчага музея, клуба цікавых сустрэч «Ад душы» РЦК.
Сям’ю Генадзіі Лысанавай у Обалі называюць партызанскай: сёстры і браты (у сям’і было шасцёра дзяцей) у гады Вялікай Айчыннай вайны былі ў партызанах. У 1942 годзе, калі родную вёску Расалай сталі бамбіць, трапіла ў партызанскую брыгаду імя Кароткіна і 14гадовая Генадзія. Сваёй дапамогай партызанам Генадзія Лысанава таксама прыбліжала Перамогу.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Генадзія Лысанава прыехала ў Обаль, бо родную вёску немцы спалілі. Усё жыццё працавала даяркай, перад выхадам на заслужаны адпачынак – цялятніцай у калгасе «Обальскі». Развітваючыся з гасцямі, Генадзія Эдуардаўна сказала: «Чакаю вас на стогадовы юбілей!». Абавязкова прыедзем!
Ларыса ЗАЙЦАВА