У всех дача в деревне, а у нас — в городе!

Мир увлечений Общество

«Ва ўсіх дачы ў вёсцы, а ў нас у горадзе»

Першы, з кім пазнаёміліся ў вёсцы Забар’е Мікалаеўскага сельсавета, быў паляўнічы сабака Кузя. Ён пільна ахоўвае двор і адразу выбег насустрач незнаёмцам. За ім паспяшаўся і гаспадар дома Канстанцін Карніловіч – прытрымаць сабаку і сказаць, што ён добры і нікога не чапае.

Наталля  і  Канстанцін Карніловічы перабраліся з горада ў вёску амаль дванаццаць гадоў таму. Прычынай для пераезду была хворая маці Канстанціна Браніслававіча, за якой патрэбен быў догляд. Наталля (рупілася раней швачкай у атэлье) і Канстанцін, які працаваў слесарам на хлебзаводзе, звольніліся з работы ў горадзе. Калі даглядалі маці, адкрылі сваю справу – Наталля шыла трыкатажныя вырабы, а Канстанцін вязаў світэры і гетры на вязальнай японскай машыне.

Такім чынам і зараблялі грошы да пенсіі. Неўзабаве купілі дом у Забар’і, непадалёк ад матчынага, навялі тут парадак і сталі жыць.

«Сястра Алена з Кардона параіла нам завесці падсобную гаспадарку. Сказала: “У вёсцы трэба рухацца, каб мець сваё мяса і малако!”, – згадвае Наталля Анатольеўна. – Здаецца, абодва вясковыя (я родам з Гусінцаў), але ж многа гадоў пражылі ў горадзе, гаспадаркай не займаліся. Таму спачатку для пробы купілі казу. Справіліся. Потым у КУСГП “Ульскі” набылі карову Малышку, якая нам цяліла Лізу. Доўгі час іх так абедзвюх і трымалі. Зараз на падворку карова Ліза і цёлка Мілка, ёсць парася, куры, пасека. Навучыліся ўсяму і ўспомнілі забытае старое: даіць, даглядаць, лячыць, касіць, стагаваць».

Разам з бацькамі ў вёску пераехаў і іх сын Косця. Эканаміст па адукацыі, ён падлічыў, што займацца падсобнай гаспадаркай выгадней, чым працаваць па спецыяльнасці. Падчас нашага прыезду Косця быў у горадзе – павёз па заказу знаёмых тварог, смятану і малако. Бацькі пахваліліся, што іх сын навучыўся кіраваць мотаблокам, што яму вельмі падабаецца вырошчваць памідоры розных гатункаў (у цяпліцы нават печку пабудаваў на выпадак замаразкаў) – позні сорт “еўпатор” захоўваецца ажно да Новага года.

Свежае паветра, лес, куды можна хадзіць за ягадамі і грыбамі, гародніна з уласных градак, спакойнае размеранае жыццё – вось што падабаецца Карніловічам у Забар’і. Іх не пужае, што жывуць на хутары, што толькі два разы на тыдзень прыязджаюць аўталаўка і паштовая машына, што няма розных гарадскіх даброт. «Затое выйшаў на ганак –– і ўсё вакол тваё, нават неба, – разважае Канстанцін Браніслававіч. – Горад хуткі, расслабляе чалавека. Там ты спяшаешся жыць, ляціш кудысьці і не заўважаеш колер неба і спеў птушак. Нас не пужае блізкасць лесу і дзікіх звяроў. Казулі і зайцы не прадстаўляюць ніякай пагрозы. Зімой, бывала, да хаты падыхо дзілі ваўкі. Ну і што! Яны тут жывуць і мы жывём. Як кажуць, суседзі. Пахадзілі і падаліся зноў у свой лес. А вось мядзведзяў, колькі не хадзілі за грыбамі і ягадамі, ніколі не бачылі».

Карніловічы паказалі сваю гаспадарку, агарод, з якога збіраюць па трыста гарбузоў для жыўнасці, выкопваюць па сто мяшкоў бульбу, зразаюць з сотню качаноў капусты. Наталля Анатольеўна пахвалілася кароўкай і расказала, што вельмі любіць усе малочныя прадукты. «Нас многія знаёмыя гаражане палічылі дзівакамі, што мы перабраліся ў вёску, – прызналася гаспадыня. – А нам тут добра. У горадзе я пастаянна прымала лекі ад болю ў галаве, а тут, на лоне прыроды, нават забылася, што такое таблеткі. У іншых дачы ў вёсцы, а ў нас – у горадзе, куды наведваемся рэдка, па патрэбе».

Траву на сена Карніловічы косяць трымерам. Палеткаў вакол хапае, ды і з мясцовай гаспадаркі выдзелілі палоску для касавіцы. У бліжэйшых планах – перакрыць дах новым шыферам, пабудаваць лазню і хляўчук. Жыць у вёсцы і радавацца кожнаму дню.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *