Першыя агуркі – у пачатку мая
У большасці аматараў-агароднікаў агуркі яшчэ пусцілі па тры-чатыры лісты ў цяпліцах, у некаторых – зацвітаюць. А Леакадзія і Анатоль Шароўскія з райцэнтра пасмакавалі першую ўласную гародніну ўжо ў пачатку мая.
«У сярэдзіне сакавіка высаджваем насенне агуркоў у скрыні (бяром грунт “Дзвіна”, які перамешваем з агароднай зямлёй) і ставім на падаконнік, – падзялілася сакрэтамі Леакадзія Станіславаўна (на здымку). – Перавагу аддаём гатунку “пасаліма”. Праз месяц высаджваем расаду ў цяпліцу. Папярэдне пасыпаем зямлю курыным гноем і перакопваем. А яшчэ праграваем зямлю. У цяпліцы ў нас пабудавана печка, ад якой ідуць металічныя трубы, якія і аддаюць цяпло. Таму расаду ніколі не прыхопліваюць вясеннія замаразкі».
5 сакрэтаў вырошчвання агуркоў ад Шароўскіх:
1.Густа не садзіць!
2.Аптымальная тэмпература паветра павінна быць не менш за 18 градусаў.
3. Шчодра паліваць два разы на тыдзень, а ў вялікую спякоту – праз дзень.
4.Выдаляць пасынкі і лішнюю лістоту, каб не было густых зараснікаў.
5.Падвязваць, каб агуркі не валіліся на зямлю.
6.Часта рыхліць глебу, каб да каранёў раслін паступаў кісларод.
Ларыса ЗАЙЦАВА.