Хочу в лагерь! Где могут отдохнуть дети в Шумилинском районе

Новости Образование Общество

Лета… Хачу ў лагер

Фото из архива «Герой працы».

Сёння заканчваецца навучальны год у школьнікаў. Наперадзе – доўгачаканыя летнія канікулы.  Некаторыя дзеці паедуць да бабуль і дзядуль, другія застануцца дома з бацькамі. Ёсць і яшчэ вельмі прывабны варыянт – адпачыць у аздараўленчых лагерах. Якія лагеры будуць працаваць у нашым раёне, колькі каштуе пуцёўка, мы пацікавіліся ў начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксаны Талстой і дырэктара Шумілінскай СДЮШАР Алега Асташонка.

Варыянт № 1. «Пунсовы ветразь»

Дзіцячы аздараўленчы лагер «Пунсовы ветразь» у Лескавічах – кругласутачны. Як расказала Аксана Талстая, у лагеры будуць арганізаваны чатыры змены па 16 дзён, у кожнай змене адпачнуць па 75 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 год. Поўны кошт пуцёўкі складае ад 474 да 490 рублёў (у залежнасці ад узросту). Дзякуючы дзяржаўнай датацыі адна змена абыдзецца бацькам ад 226 да 242 рублі. Першая змена пачнецца 5 чэрвеня. Дарэчы, на першую і другую змену ўжо ўсе пуцёўкі выкуплены. Для дзяцей сваіх работнікаў пуцёўкі выкупілі аддзел па адукацыі райвыканкама, ЦРБ, ПМК‑70, Шумілінскі лясгас і ТЦСАН. Адзначым і той факт, што ў «Пунсовым ветразі» будуць адпачываць не толькі юныя жыхары нашага раёна, а і з Віцебска, Наваполацка, Гарадоцкага і Бешанковіцкага раёнаў. Таксама на базе «Пунсовага ветразя» ў жніўні для 25 падлеткаў будзе арганізаваны валанцёрскі лагер «Добрае сэрца».

Варыянт № 2. Школьныя аздараўленчыя лагеры

У кожнай школе будзе працаваць аздараўленчы лагер дзённага знаходжання.

У першую змену (3‑21 чэрвеня) дзеці будуць адпачываць і аздараўляцца ў школьных лагерах Шумілінскай СШ № 1, Обальскай СШ, Мікіціхінскай СШ і Башнёўскай БШ. Усяго лагеры прымуць 224 чалавекі.

Другая змена (1‑22 ліпеня) пройдзе ў Шумілінскай СШ № 2, Мішневіцкай БШ і Амбросавіцкай БШ. Тут адпачнуць 92 дзіцяці.

Падчас трэцяй змены (29 ліпеня‑16 жніўня) адпачнуць 75 дзяцей у школьных лагерах Шумілінскай СШ № 1, Кардонскай СШ і Слабадской БШ. Кошт адной змены абыдзецца бацькам у 20 рублёў.

Варыянт № 3. Лагер працы і адпачынку

У падлеткаў, якім споўнілася 14 год, ёсць магчымасць не толькі адпачыць, а і зарабіць грошы. Для гэтага ў раёне арганізаваны школьныя лагеры працы і адпачынку ў СШ № 1 і СШ № 2, Обальскай СШ, Кардонскай СШ і Мікіціхінскай СШ. Плануецца, што адпачываць і працаваць будуць 65 падлеткаў.

Варыянт № 4. Спартыўны лагер

Спартыўна‑аздараўленчы лагер дзённага знаходжання будзе працаваць у Шумілінскай СДЮШАР. Першая змена пройдзе ў Шуміліне (77 чалавек) і ў Обалі (14 чалавек). Падчас трэцяй змены адпачнуць 28 юных спартсменаў у Шуміліне.

Як бачым, варыянтаў дзіцячага адпачынку ў нашым раёне багата. Бацькі і дзеці могуць выбраць для сябе аптымальны варыянт, каб лета запомнілася яркімі і пазітыўнымі эмоцыямі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *