Шумилинские сыроделы уверенно смотрят в будущее

Новости Экономика

У планах сыраробаў – работа ў тры змены

У канцы мінулага года Шумілінскі вытворчы цэх ААТ «Полацкі малочны камбінат» у выніку рэарганізацыі быў далучаны да ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод». Што змянілася ў вытворчасці цэха, над якімі відамі прадукцыі працуюць шумілінскія сыраробы? Усё гэта высвятляла карэспандэнт раённай газеты ў начальніка вытворчага цэха Сяргея Шыбакова.

«Перамены заўсёды ўспрымаеш з хва-ляваннем. Хваляваліся і нашы работнікі, але дарэмна, – кажа Сяргей Аляксеевіч. – Верхнядзвінскі масласырзавод нацэлены на добрыя вынікі ў рабоце, умее зарабляць грошы, і мы рады, што ён прыняў нас у сваю сям’ю. Адразу была сфарміравана канцэпцыя развіцця цэха: вызначаны колькасць і асартымент выпускаемай прадукцыі, першачарговыя накірункі мадэрнізацыі і рамонту, рэжым работы цэха ў адпаведнасці з тэхнічнымі, тэхналагічнымі і кадравымі магчымасцямі. Ніводнага чалавека не звольнілі, прадпрыемства даражыць кожным работнікам».

Шумілінскія сыраробы выпускаюць дзясяць гатункаў сыроў: «Малдаўскі асобы», «Пашахонскі», «Пашахонскі вышэйшы сорт», «Сметанковы», «Слівачны», «Сялянскі», «Гаўда гранд», «Галандскі новы малады», «Расійскі новы малады», «Кальята абястлушчаны». Той, хто купляе шумілінскія сыры, заўважыў, што некаторыя назвы засталіся ранейшымі, але ж смак сыроў крыху памяняўся, бо для іх вытворчасці выкарыстоўваюцца новыя закваскі.

Сёння ў цэху поўным ходам ідзе рамонт з рэканструкцыяй памяшкання мыйкі з уладкаваннем прыёмкі малака ў адпаведнасці з дзеючымі санітарнымі нормамі і правіламі. Пасля яго заканчэння сюды змогуць пад’яздаць малакавозы з любымі габарытнымі памерамі і любой грузапад’ёмнасцю. Тут жа будзе абсталявана і сучасная лабараторыя, якая дазволіць прымаць сыравіну ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам у вобласці якасці.

Непасрэдна ў самім цэху зроблены рамонт столі, рамантуецца дах. Распрацоўваецца праектная дакументацыя для бурэння новай артэзіянскай свідравіны, рамонту кацельні, замены абсталявання станцыі абезжалезвання. Кіраўніцтва цэха ўпэўнена, што рэалізацыя гэтых праектаў забяспечыць дынамічнае развіццё цэха на доўгія гады.

У першым квартале бягучага года шумілінскі цэх выпускаў па 150 тон сыроў за месяц. І гэта пры тым, што выпрацоўка прадукцыі вялася праз дзень па прычыне недастатковай колькасці кадраў. «Зараз цэх працуе ў дзве змены, людзі заняты поўны рабочы дзень, – кажа Сяргей Шыба-коў. – Мы гатовы адкрыць і трэцюю змену, каб цэх быў заняты пад поўную загрузку і перапрацоўваў да ста тон малака ў суткі. Каб нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, нашай камандзе не хапае працавітых людзей. Нам патрэбны апаратчыкі, сырасолы, машыністы мыечных машын, майстры, наладчыкі абсталявання, лабаранты, аператары вытворчых заквасак. Мы гатовы працаўладкаваць у цэху больш за дзесяць чалавек».

Запланаваныя мерапрыемствы па рамонце цэха дазволяць не толькі выпускаць прадукцыю, якая адпавядае дзеючым стандартам якасці, але і дазволіць у будучым падумаць аб рэалізацыі інвестпраекта па вытворчасці запатрабаваных на рынку новых гатункаў сыроў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *