Што пагражае за інтымнае фота?
Супрацоўнікі РАУС неаднаразова папярэджвалі, што за распаўсюджванне парнаграфічных фота і відэа пагражае крымінальная адказнасць. Але ж не ўсе прыслухоўваюцца да гэтых рэкамендацый і не ўсе вучацца на чужых памылках.
Нядаўна 17-гадовы юнак (назавём яго Пятром), які перапісваў-ся з незнаёмцам УКантакце, даслаў яму сваё фота інтымнага характару. Праз некаторы час незнаёмец адправіў гэта фота настаўніку школы, дзе вучыўся Пётр. Педагог звярнуўся ў аддзел унутраных спраў, цяпер міліцыянеры разбіраюцца ў дэталях здарэння.
«Мы адправілі міждзяржаўны запыт у Расійскую Федэрацыю, каб нашы калегі дапамаглі высветліць, на каго зарэгістравана старонка УКантакце, з якой дасылаліся інтымныя фотаздымкі, – расказаў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Аляксандр Мікулевіч. – Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па арт. 343-1 «Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга». За перасылку фота парнаграфічнага характару пагражае абмежаванне волі да 4 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Калі такое правапарушэнне будзе выяўлена паўторна або групай асоб, то пагражае пазбаўленне волі ад 3 да 8 гадоў са штрафам або без яго».
ВАЖНА ВЕДАЦЬ! Да крымінальнай адказнасці за перасылку фота непаўналетніх могуць прыцягнуць маладых людзей з 16 гадоў. Калі будзе даказана, што яны маюць адносіны да вырабу і абароту матэрыялаў ці прадметаў з парнаграфічнымі выявамі непаўналетніх, пагражае пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Людміла ЗУЙКОВА.