Хрэсны ход «Царква і армія»
Шуміліна і Обаль далучыліся да lV Усебеларускага хрэснага ходу «Царква і армія», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета хрэсны ход, які стартаваў на Дзень Перамогі ў Мінску, праходзіць пад дэвізам «Памяць. Вера. Айчына». Яго мэта – увекавечыць памяць абаронцаў краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны, асвяціць духоўны подзвіг, здзейснены савецкім народам у імя Перамогі.
У Шуміліне шэсце, у якім бралі ўдзел свяшчэннікі, вернікі, прад-стаўнікі РАНС і РАУС, грамадскіх
арганізацый і прадпрыемстваў раёна, накіравалася ад храма Мікалая Цудатвор-цы да Алеі Славы. Благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі зачытаў зварот мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Удзельнікаў мерапрыемства вітаў кіраўнік епархіяльнага аддзела Віцебскай Епархіі па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Аляксандр Мозалеў, які нагадаў, наколькі важна сёння аб’яднацца ў імкненні да духоўнасці і захавання міру. У памяць пра тых, хто абараняў нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адслужылі памінальную службу. Да брацкага пахавання ўсклалі кветкі.
У гэты ж дзень мітынг прайшоў і на гераічнай обальскай зямлі. На брацкім пахаванні воінаў, якія абаранілі краіну цаной свайго жыцця, да неба ўзносіліся малітвы.
На брацкіх пахаваннях у спецыяльную капсулу-гільзу ўзята зямля з таго месца, дзе знайшлі свой апошні спачын салдаты.
У далейшым капсулы змесцяць каля храмаў краіны – зямля, сабраная з брацкіх магіл, набудзе статус рэліквіі. Такім чынам будзе ўвекавечана памяць усіх тых, хто змагаўся разам у імя агульнай Перамогі.
Капсула-гільза была перададзена прадстаўнікам Полацкай Епархіі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.