Сонца сена сушыць добра!
Механізатары ААТ «АграБаравінка» на мінулым тыдні распачалі касіць траву на сена.
Дырэктар гаспадаркі Яўген Мурашка парэкамендаваў накіраваць шлях рэдакцыйнага аўтамабіля на палеткі каля вёскі Завяззе. Тут мы сустрэлі вопытнага механізатара Вячаслава Дубініна (на здымку), які ў мінулыя гады быў неаднаразовым пераможцам спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў.
«Амаль дваццаць гадоў працую на касавіцы, – расказаў Вячаслаў. – Вось і сёлета першым у гаспадарцы, а можа і ў раёне, пачаў касіць траву на сена. Трава на гэтым полі не надта высокая, але густая. Калі яна правяліцца, да работы прыступіць мой калега Віктар Вясна з граблямі. Трэба падварушыць, каб сена сохла, а потым зграбсці ў валкі. Пасля падчаплю да свайго трактара падборшчык, каб спрасаваць сена, якое вельмі любяць каровы і цяляты».
Сонца дапамагае, сушыць добра – праз тры дні сена ўжо будзе гатова.
У гэтым годзе ў ААТ «АграБаравінка» плануюць нарыхтаваць 6500 тон сенажу і столькі ж сіласу, 150 тон сена. Першым укосам трэба скасіць 1095 гектараў палеткаў.
24 мая «АграБаравінка» прыступіла да закладкі першай траншэі каля фермы Язвіна. Касавіца вядзецца ў Завяззі, Мазеках і Ужляціне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.